Рассветаўцы шчыруюць зладжана і бесперабойна

Земляробы ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” актыўна ўключыліся ў веснавую палявую кампанію. Учора карэспандэнты “раёнкі” завіталі на палеткі сельгаставарыства і на свае вочы ўпэўніліся: рассветаўцы шчыруюць арганізавана, зладжана, бесперабойна, кожны з паляводаў адказна і своечасова спраўляецца з абавязкамі на вызначаных участках работы – да слова, як і заўжды.

Дзмітрыю Кахновічу даверана апрабаваць у справе новую пнеўматычную сеялку “Lemken Solitair 12” .
Аляксандр Гутараў сеяў ячмень на полі ў Стаўпішчах.
Сяргей Міхалап на апырсквальніку “Туман М2” падкормліваў мінеральнымі ўгнаеннямі азімы рапс.

На полі ў Кострыцкай Слабодцы сустрэліся з Галінай Хмуровіч – начальнікам вытворчага ўчастка “Стаўпішчы”, у які таксама ўваходзяць сельскагаспадарчыя зямельныя плошчы ў Стаўпішчах, Падрэччы і Казулічах – усяго больш за 4,5 тысячы га. Яна абмяркоўвала з механізатарам Дзмітрыем Кахновічам фронт палявых работ. Дарэчы, яму, як вопытнаму трактарысту-машыністу сёлета было даверана апрабаваць у справе новую пнеўматычную сеялку “Lemken Solitair 12”. Шырыня захопу – ад 8 да 12 метраў, канструктыўныя асаблівасці сеялкі гарантуюць высокую прадукцыйнасць пры выкананні пасяўных работ. Для дазіравання высяўныя валы прыводзяцца ў рух магутным электрарухавіком з электронным рэгуляваннем. Дазатары забяспечваюць раўнамерны паток пасяўнога матэрыялу і яго добрае размеркаванне. Галіна Хмуровіч адзначыла, што за суткі з дапамогай такой сеялкі можна апрацоўваць больш за 100 га. Напрыклад, у мінулую нядзелю за светлавы прамежак часу Дзмітрый Кахновіч засеяў ячменем 62 га.
Рассветаўскія сейбіты выйшлі ў поле 30 сакавіка. Па стане на ўчарашні дзень на ўчастку Галіны Хмуровіч 99 га былі ўжо засеяны аўсом, каля 300 га ад плануемых 400 га – ячменем. Яшчэ прадстаіць пасеяць гарох на 220 га.
У шматгадовай практыцы рассветаўскіх земляробаў – шчыраваць у полі круглыя суткі. Так, Дзмітрыя Кахновіча ўначы змяняе Мікалай Дрозд. Таксама пазменна працуюць механізатары Аляксандр Гутараў і Міхаіл Вербенка.
На вытворчым участку Галіны Хмуровіч завяршаецца ўзворванне сельгаспло­шчаў, на работах задзейнічаны Фёдар Кукабака і Павел Свірко. Мікалай Белакурскі, Ігар Жалдак і Сяргей Пятроў працягваюць закрыццё вільгаці.

Віктар Юркавец задзейнічаны на ўнясенні арганічных угнаенняў.

Першы намеснік дырэктара таварыства Аляксандр Жылінскі расказаў, што ў агульным рассветаўцы плануюць засеяць 403 га ячменем і 60 га аўсом на зерне, 350 га зоймуць зернебобовыя. Больш за 3000 га адведзена пад царыцу палёў – кукурузу, у тым ліку
855 га – на зерне. У працаўнікоў “Рассвета” даволі шырокі профіль работы, які ўключае ў сябе вырошчванне агародніны адкрытага і закрытага грунту. Сёлета па 300 га пасяўных плошчаў адведзена пад бульбу і цукровыя буракі, 105 га – пад агародніну.
Рассветаўскія земляробы працуюць з баявым настроем, стараюцца рацыянальна выкарыстоўваць кожную пагодную хвіліну, строга выконваючы неабходныя тэхналогіі. Як і заўжды, яны нацэ­лены на выніковую працу і ўсведамляюць, што дабрабыт гаспадаркі і кожнага з яе работнікаў залежаць ад таго, наколькі старанна і якасна спрацуюць яны зараз – падчас веснавой палявой кампаніі.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.