Праект «Уладар сяла» стаў яркай падзеяй у жыцці сям’і Фядотавых з Барчыц

Сям’я Васіля і Кацярыны Фядотавых з аг.Барчыцы вядомая далёка за межамі раёна: у 2019 годзе яны сталі пераможцамі рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.
Дагэтуль мнагадзетная сям’я стала лепшай у раённым, а затым у абласным этапах конкурсу.
Свой удзел у праекце Васіль і Кацярына і дагэтуль лічуць яркай і незабыўнай падзеяй. Акрамя таго, што атрымалі шмат станоўчых эмоцый, прадэманстравалі сваё майстэрства і творчасць, гасціннасць, кемлівасць і спрыт, вярнуліся дадому з вялізным багажом каштоўных падарункаў. Прычым, уручылі іх усім удзельнікам конкурсу. Як пераможцы Фядотавы прывезлі дадому мотакультыватар, які стаў добрым памочнікам маладой сям’і ў хатняй гаспадарцы.

– Калі б была такая магчымасць, абавязкова б прынялі ўдзел у праекце “Уладар сяла” яшчэ, – кажа Кацярына. – Добра памятаю, як спачатку адмаўлялася ўдзельнічаць у гэтым конкурсе, хвалявалася, што не зможам дастойна прадставіць нашу Кіраўшчыну на абласным этапе. А калі там атрымалася перамагчы, на рэспубліканскі праект ужо ехалі з большай упэўненасцю. Канешне ж, цудоўна, што перамаглі, што дастойна прайшлі ўсе этапы спаборніцтва, але для нас гэта не было самым галоўным. Дні, праведзеныя падчас удзелу ў праекце, дазволілі нашай сям’і пабыць разам, а нам з мужам у чарговы раз упэўніцца, што мы здольныя разумець адзін аднаго з паўслова ці позірку. На “Уладары сяла” панавала атмасфера цудоўнага свята, было вельмі пазнавальна, цікава, весела. Мы пазнаёміліся з маладымі сем’ямі з розных куткоў Беларусі, знайшлі новых сяброў. А яшчэ, асабіста мне прыемна было бачыць, наколькі гасцям і членам журы спадабаліся мае вырабы ручной работы, а таксама кулінарная выпечка і стравы. Сапраўдным сюрпрызам для нас стала вялікая колькасць жыхароў Магілёўшчыны, якія былі на гэтым мерапрыемстве ў якасці гледачоў, яны шчыра падтрымлівалі, перажывалі, нават падказвалі, што і як лепш зрабіць. Шчыра скажу, што гэта надало нам больш упэўненасці, разумення, што мы – Магілёўшчына – разам!

Па-добраму зайздрошчу тым, хто сёлета мае магчымасць паўдзельнічаць у гэтым праекце, хто здольны паказаць, што жыццё на вёсцы можа быць цікавым, насычаным яркімі момантамі, а маладыя сем’і – актыўныя, творчыя, моцныя і дружныя.

 

Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.