Растуць кармавыя запасы

Сярод асноўных клопатаў у працаўнікоў ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” ў гэтыя чэрвеньскія дні – назапасіць для вялікага грамадскага статка ўдосталь кармоў на прадстаячую зімоўку. Па самай важнай пазіцыі – колькасці кармоў на ўмоўную галаву жывёлы – РАПТЗ у апошнія гады ўпэўнена займае лідзіруючую пазіцыю. Дзякуючы добра наладжанай рабоце агранамічнай службы і адказнасці механізатараў, летась
у сельгаставарыстве нарыхтавалі кармоў з запасам, ёсць спадзяванне, што і ў гэтым годзе ўсё атрымаецца, як запланавана.
Да ўборкі траў у гаспадарцы падрыхтаваліся выдатна: тэхніка працуе без сур’ёзных збояў, у выніку паломкі рамонт праводзяць хутка, кадрамі забяспечаны, праблем з пастаўкамі паліва не ўзнікае.
Як адзначыў галоўны аграном Уладзімір Дарафей, сёлета ў корманарыхтоўку значныя карэктывы ўнесла надвор’е. З-за халадоў травы не паспелі як след набраць масу, але марудзіць з уборкай, лічыць спецыяліст, нельга: гэта непазбежна адаб’ецца на якасці сенажу і сена. Таму механізатарскае звяно, якое задзейнічана на палетках, працуе з поўнай аддачай.
Травы ўжо скошаны больш чым на 400 га, амаль усе сабраны. Штосьці пайшло на падкормку жывёле, частку закладваюць у сянажныя ямы.
Важны фактар якасці кармоў, на які ў РАПТЗ робяць стаўку – належная трамбоўка сянажнай масы. Усе траншэі для закладкі траў былі загадзя падрыхтаваны, тэхніка, занятая на трамбоўцы, не выязджае за межы ям, каб не забруджваць кармы. Закладка сенажу вядзецца з выкарыстаннем кансервантаў. Адказныя спецыялісты з дапамогай вымяральных прыбораў кантралююць вільготнасць і тэмпературны рэжым зялёнай масы. Ужо закладзены сянажныя траншэі каля МТФ у П.Слабадзе і Уласавічах, на чарзе – у Любонічах.
Высокія тэмпы нарыхтоўкі кармоў забяспечвае механізатар Уладзімір Комар: на яго рахунку ўжо больш за
420 га скошаных траў. Ён першым падчас корманарыхтоўчай кампаніі вывеў свой трактар на травяныя палеткі. Працуе ўвесь светлавы дзень, скашваючы значныя плошчы травастою.
Дысцыплінаванасцю і адказнасцю за даручаную справу вылучаюцца Аляксандр Тылінскі і Валянцін Сулімскі, якія займаюцца падборам і здрабненнем травяной масы. Механізатары яны вопытныя, за плячыма кожнага – не адна корманарыхтоўка. Абодва літаральна ні на хвіліну не прыпыняюць свае кормакамбайны, бо ўсведамляюць, што ад вынікаў, у тым ліку і іх працы, залежыць трывалая кармавая база для грамадскага статка. А быць з кармамі – значыць, закласці добры падмурак для атрымання ў будучым высокіх надояў і важкіх прываг БРЖ.
Хутка адвозяць ад змяльчальнікаў зялёную масу да месцаў трамбоўкі механізатары і вадзіцелі Уладзімір Шалянгоўскі, Сяргей Чудапал, Аляксандр Выганоўскі, Сяргей Комар, Ілья Лебедзеў, Юрый Ільінчык, Валерый Араеў. Варта адзначыць, што ў РАПТЗ заўсёды ў цесным тандэме працуюць і маладыя кадры, і тыя, хто мае за плячыма не адзін дзясятак год механізатарскага стажу.
Усе ўдзельнікі корманарыхтоўчай кампаніі забяспечаны спецвопраткай, у сельгаставарыстве надаецца належная ўвага захаванню тэхнікі бяспекі. Паклапацілася кіраўніцтва і аб стварэнні належных бытавых умоў для механізатараў, распрацаваны ўмовы працоўнага спаборніцтва, якое прадугледжвае маральнае і матэрыяльнае заахвочванне за якаснае і своечасовае правядзенне работ. Смачныя абеды, што гатуюцца ў сталовай РАПТЗ, дастаўляюцца працаўнікам на палеткі.
Работа на сельгасугоддзях вядзецца ўвесь светлавы дзень. Даражаць мясцовыя аграрыі кожнай пагоднай хвілінай, каб максімальна хутка скасіць, здрабніць і адвесці да месца закладкі духмяную зялёную масу.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.