“Зялёнае жніво” на дабаснянскіх палетках

У раёне працягваецца адказная кампанія па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка. У сераду карэспандэнт раённай газеты пабываў на палетках ААТ “Дабаснянскае”, каб даведацца, як тут наладжаны гэты працэс. Арганізацыю работ і якасць корманарыхтоўкі кантралююць дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Вербінаў і галоўны аграном Андрэй Голубеў.

Канстанцін Калаткоў.
Сяргей Сямёнаў.
Алег Сосаў.

Сухое і цёплае надвор’е дазваляе мясцовым аграрыям займацца нарыхтоўкай сенажу і сена амаль кругласутачна. Своечасова падварушаныя травы пад сонечнымі промнямі і прадуваемыя ветрыкам хутка даходзяць да неабходнай кандыцыі і з дапамогай КВК ператвараюцца ў сакавітую сянажную масу, частка – за некалькі гадзін – у духмянае сена.
Работы па нарыхтоўцы кармоў вядуцца шырокім фронтам, у чым давялося ўпэўніцца, аб’ехаўшы з галоўным аграномам сельгаставарыства травяныя палеткі, што размяшчаюцца паблізу некалькіх населеных пунктаў.
Трэба адзначыць, што мясцовыя механізатары выкарыстоўваюць кожную пагодную хвіліну, каб як мага хутчэй скасіць, падабраць і здрабніць, затрамбаваць зялёную масу з сакавітай чэрвеньскай травы.
Па словах Андрэя Голубева, у іх сельгаставарыстве разуме­юць асаблівую важнасць своечасовага і якаснага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі. Для яе паспяховага выканання да дэталяў была прадумана арганізацыя работ у час касавіцы, правільна расстаўлены наяўныя сілы. Але самае галоўнае – ёсць надзейныя і правераныя не адной сельгаскампаніяй лю­дзі, з якімі па сілах выкананне пастаўленых задач.
Па стане на ўчарашні дзень дабаснянцы ўжо мелі больш за 4000 т сенажу: каля тысячы тон сакавітых кармоў закаталі ў рулоны і абматалі стрэйч-плёнкай. Для мясцовых раслінаводаў закладка сенажу ў спецыяльную плёнку – першы вопыт: прэс-падборшчык яны набылі толькі мінулай восенню, калі корманарыхтоўка была ўжо практычна завершана. Уражанні ад выкарыстання гэтага агрэгата толькі станоўчыя: маса атрымліваецца добрай якасці, работы вядуцца хутка. Прэс-падборшчык падбірае травы, здрабняе іх і скручвае, затым хутка абмотвае, і на полі застаецца чарговы белы рулон зімовага “далікатэсу” для жывёлы.
Даверылі новы агрэгат аднаму з вопытных і адказных механізатараў – Сяргею Сямёнаву і не памыліліся: штодня ён папаўняе кармавыя запасы на некалькі дзясяткаў тон. Паралельна вядзецца перавозка рулонаў да месцаў складзіравання, бо неабходна вызваліць палеткі, каб пайшлі ў рост травы для другога ўкосу. На гэтых работах заняты Рыгор Шэлегаў і Алег Бычкоў, загружае кармы Фёдар Петрусёў.
Добрасумленна працуе на КВК-800 Канстанцін Калаткоў. Кормакамбайн, якім ён кіруе, паспявае хутка напаўняць кузавы і прычэпы тэхнікі на адвозцы. Дастаўка масы да месцаў складзіравання – на рахунку Алега Сосава, Аляксандра Міхлюка, Вячаслава Хвясько, Віктара Палякова, Аляксея Шыбкова.
На нарыхтоўцы зялёнай масы для падкормкі жывёлы задзейнічаны Міхаіл Куліновіч.
Тон работам задаюць занятыя на касьбе траў Міхаіл Галомзік і Уладзімір Казлоўскі. Варушэннем скошанага займаецца Алег Фарчанаў.
Наладжаны ў гаспадарцы строгі кантроль за тэрмінамі закладкі сенажу, захаваннем рэжымаў яго вільготнасці і тэмпературы. Належным чынам вядзецца трамбоўка правяленай масы. На гэтым участку задзейнічаны два браты – Аляксандр і Васіль Ясянецкія: адзін працуе днём, другі – уначы.
Па словах Андрэя Голубева, травы сёлета радуюць ура­джайнасцю. Для такіх вынікаў яны добра папрацавалі ў мінулыя гады, актыўна праводзіўшы перазалужэнне непрыдатных для нарыхтоўкі кармоў плошчаў. І вось сёлета практычна на 70% палеткаў растуць адна-двухгадовыя расліны. Адсюль і ўпэўненасць у важкіх кармавых запасах на прадстаячую зімоўку грамадскага статка. Работы па перазалужэнні ідуць і зараз: Уладзімір Скрыганаў заняты на ўзворванні глебы, затым тут правядуць сяўбу зернебабовай сумесі.
Для забеспячэння высокага тэмпу корманарыхтоўкі кіраўніцтва сельгаставарыства прыцягвае на дапамогу тэхніку і спецыялістаў з іншых арганізацый.
Паралельна ў сельгаставарыстве вядзецца хімпраполка буракоў і кукурузы, ад хваробы апрацоўваюцца ячмяні. Працуюць на гэтых відах работ Вадзім Ганчароў і Мікалай Новікаў, апошні – падвозіць ваду для запраўкі агрэгата.
Працягваюць мясцовыя раслінаводы ставіць эксперыменты па вырошчванні новых для нашых мясцін культур. Зараз у “Дабаснянскім” на 20 га размясціўся сланечнік: раней пасеяныя расліны ўжо стаяць дружнымі радамі.
Як адзначыў галоўны аграном, для чаго будуць выкарыстаны пасевы, пакуль не вырашылі, усё залежыць ад ураджайнасці цеплалюбівых раслін.
Ёсць у механізатараў стымулы, каб працаваць добрасумленна і адказна. Кіраўніцтва паклапацілася, каб занятыя на корманарыхтоўцы былі забяспечаны ўсім неабходным: у поле дастаўляюцца гарачыя абеды, распрацаваны ўмовы спаборніцтва, якія прадугледжваюць маральнае і матэрыяльнае заахвочванне лепшых работнікаў.
Стварэнню трывалай кармавой базы ў ААТ “Дабаснянскае” штогод надаецца належная ўвага. Вось і сёлета корманарыхтоўчая кампанія з кожным днём набірае абароты, растуць запасы духмяных сенажу і сена, а, значыць, – закладваецца падмурак пад будучыя важкія надоі.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.