Галоўнае свята краіны (бліц-апытанне)

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) мы звярнуліся да жыхароў раёна з просьбай падзяліцца думкамі, што для іх азначае гэтае свята.

Анатоль ЛАНКУЦЬ, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу:
– 3 ліпеня – важнейшая дата ў гісторыі станаўлення беларускай дзяржавы, сімвал суверэнітэту і свабоды нашай Радзімы, гераічнага мінулага і дастойнай будучыні нашага народа. Па традыцыі ў гэты дзень мы ўшаноўваем памяць нашых дзядоў і прадзедаў, якія склалі галовы на палях бітваў з ворагам, выказваем словы ўдзячнасці ветэранам, якіх, на жаль, засталося зусім мала, за тое, што адстаялі нашу незалежнасць. Іх подзвіг – яркі прыклад для наступных пакаленняў, у чыіх руках лёс краіны. Дзень Незалежнасці – гэта свята, якое дазваляе захоўваць і прымнажаць усё добрае і каштоўнае дзеля будучыні.
Мацаваць незалежнасць Радзімы ў мірны час мы можам сумленнай і шчырай працай. Сёлета адбылася важная падзея ў маім жыцці: у ліку іншых аграрыяў быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Гэтая высокая ацэнка працы абавязвае мяне прыкласці яшчэ больш намаганняў у прафесійнай дзейнасці – працы, накіраванай на забеспячэнне харчовай незалежнасці краіны. У сяльчан зараз напружаны перыяд – корманарыхтоўка: ад таго, наколькі зладжана спрацуюць аграрыі, будзе ў многім залежыць прырост прадукцыі жывёлагадоўлі. А зусім хутка земляробаў чакае важнейшы этап сельгасработ – жніво. У раёне шмат зроблена, каб атрымаць важкі ўраджай, цяпер галоўная задача – без страт сабраць усё вырашчанае.
Мы жывем у свабоднай, міралюбівай, незалежнай краіне. І нікому не жадаем зла. На жаль, апошнім чынам у адносінах да Беларусі сталі частымі напады і ціск з боку калектыўнага Захаду. Лічу, што гэтыя праявы недапушчальныя і не могуць прывесці да добрага. Зламаць наш народ не атрымаецца, бо ён загартаваны стагоддзямі. Мы павінны зберагчы галоўны наш здабытак – мір і спакой на нашай зямлі для нашых дзяцей і ўнукаў!

Марына ЦВЯТКОВА, дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна”:
– Асэнсоўваючы значэнне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь для нашай краіны і яе жыхароў, прыходзіш да высновы, што больш важнай даты для нас няма: гэта галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, якое адзначаецца ў дзень, калі Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Вядома, размаўляючы пра Дзень Незалежнасці, нельга абысці ўвагай падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас нападу на абаронцаў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня 1941 года фашысты планавалі захапіць яе за некалькі гадзін, а гарнізон трымаўся больш месяца. Гэта былі першыя крокі нашага стойкага і мужнага народа на шляху да Перамогі.
Я лічу, што важна захоўваць памяць аб падзеях вайны, каб падобнае больш не паўтарылася. Наша зямля, народ вельмі пацярпелі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За час вайны 70 населеных пунктаў нашага раёна падвергнуліся поўнаму або частковаму знішчэнню, амаль 22 тысячы чалавек былі закатаваны, вывезены ў нямецкі тыл, адпраўлены ў канцлагеры…
Калектыў супрацоўнікаў бібліятэк раёна заўсёды заклікае грамадскасць памятаць аб подзвігах абаронцаў Айчыны. Мы пастаянна арганізоўваем тэматычныя літаратурныя выставы, наладжваем акцыі, распрацоўваем і рэалізоўваем праекты. Адзін з такіх праектаў, разлічаны на выхаванне падрастаючага пакалення, – сацыяльны відэаролік, у змест якога мы сабралі ўспаміны жыхароў Кіраўшчыны – былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, тых, хто перажыў вайну. Гэты ролік прапаноўваем выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі, моладдзю педагогам і выхавальнікам, ідэалагічным работнікам.
Дзень Рэспублікі – так яшчэ называюць гэтае свята – аб’ядноўвае беларусаў у імкненні захаваць мір на роднай зямлі, незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы.

Аліна ПАЦЯГОВА, выпускніца 2021 года СШ №2 імя К.П.Арлоўскага:
– Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – галоўнае свята маёй краіны, усяго беларускага народа. Я ганаруся яе слаўнай гісторыяй, працавітымі і шчырымі людзьмі, ганаруся, што нарадзілася і вырасла тут.
Сёлета я закончыла школу, за свае асаблівыя поспехі ў вучобе была ўдастоена аттэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з уручэннем залатога медаля, зараз актыўна рыхтуюся да паступлення ў ВНУ. Цудоўна, што ў Беларусі для моладзі прадастаўляюцца шырокія магчымасці для вучобы, работы, развіцця здольнасцей і здзяйснення мараў. У свой час увайшла ў лік пераможцаў рэспубліканскага этапу конкурсу праектаў “100 ідэй для Беларусі”, стала прызёрам у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку-2020”. Для мяне гэта – незабыўныя падзеі ў жыцці. Пастараюся на належным узроўні здаць экзамены, паступіць у абраную навучальную ўстанову, планую пасля заканчэння яе атрымаць першае працоўнае месца і сваім старанным стаўленнем да справы ўнесці свой уклад у развіццё і працвітанне роднай краіны.
Як і многіх грамадзян, мяне вельмі непакоіць сітуацыя, якая складаецца вакол Беларусі, у тым ліку і прымяненне эканамічных санкцый. Гэта не лепшым чынам адаб’ецца на жыцці сацыяльна неабароненых беларусаў, дзяцей, моладзі, якая навучаецца, бо ў нашай краіне з боку дзяржавы аказваецца моцная падтрымка такіх катэгорый грамадзян.
Кіраўнік нашай дзяржавы А.Р.Лукашэнка – сапраўдны патрыёт, які любіць родную зямлю, цвёрда адстойвае незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, і ў гэтым мы, беларусы, павінны быць адзінымі, а яшчэ – аб’яднанымі агульнай ідэяй – захаваць і абараніць сваю прыгожую і любімую краіну.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.