Праз 80 год савецкі воін, ураджэнец в.Кострыцкая Слабодка Аляксандр Міхалап знайшоў вечны спакой на сваёй малой радзіме

Забыццё не закране герояў…
Вярнулася з небыцця прозвішча яшчэ аднаго слаўнага абаронцы Айчыны, які мужна змагаўся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння ў в.Кострыцкая Слабодка адбылася цырымонія перапахавання астанкаў савецкага воіна Аляксандра Аляксандравіча Міхалапа, ураджэнца гэтых месцаў, які з 1941 года лічыўся прапаўшым без вестак. Праз 80 год ён знайшоў вечны спакой на сваёй малой радзіме…

Наш зямляк быў прызваны ў Чырвоную Армію Кіраўскім раённым ваенным камісарыятам у 1941 годзе. У ходзе пошукавых работ, праводзімых Жытомірскай абласной грамадскай арганізацыяй “Гісторыка-патрыятычнае аб’яднанне “Пошук” 31 мая 2020 года былі знойдзены астанкі воіна аднаго з падраздзяленняў 9 механізаванага корпусу Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, загінуўшага паміж сёламі Улашанаўка, Андрэеўка і Рудакопы Пулінскага раёна Жытомірскай вобласці Украіны. Як высветлілася, у смяротным медальёне, знойдзеным побач з астанкамі салдата, былі запісаны дадзеныя на імя Аляксандра Міхалапа, ураджэнца Магілёўскай вобласці Кіраўскага раёна, Казуліцкага сельсавета, в.Кострыцкая Слабодка.

Аддаць даніну памяці і павагі абаронцу Айчыны і усім, хто мужна вызваляў Радзіму ад ворага, хто бязвінна загінуў ад рук фашыстаў, сабраліся прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, а таксама родныя і аднавяскоўцы загінуўшага салдата А.А.Міхалапа.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіему, старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава адзначыла, што для беларускага народа Вялікая Айчынная вайна ніколі не стане далёкім мінулым і застанецца ў памяці не толькі пакалення пераможцаў, але і ўдзячных нашчадкаў.
Важкі ўклад у справу Вялікай Перамогі над фашызмам унёс беларускі народ: 448 ураджэнцаў Беларусі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны, ахвяр вайны было і застаецца важнай дзяржаўнай задачай. На тэрыторыі Кіраўскага раёна размешчана 85 воінскіх пахаванняў, 16 памятных знакаў воінскай славы. Толькі за апошнія 5 год на мемарыяльныя пліты было нанесена 36 новых прозвішчаў воінаў Чырвонай Арміі, перапахавана 6 салдат-землякоў.

Галіна Слабоднікава выказала словы ўдзячнасці членам Жытомірскай абласной грамадскай арганізацыі “Гісторыка-патрыятычнае аб’яднанне “Пошук” і іншым падобным арганізацыям за тое, што дапамагаюць вярнуць з небыцця імёны загінуўшых у баях і ахвяр вайны.
Старшыня райвыканкама адзначыла, што апошнім часам некаторыя краіны, выратаваныя СССР ад генацыду і заняволення, узвялічваюць нацызм, разбураюць савецкія помнікі, а таму вайна супраць фашызму і дагэтуль не закончана.

Галіна Слабоднікава перадала родным загінуўшага воіна Ганне Выганоўскай і Марыі Міхалап яго смяротны медальён.

У сваю чаргу, унучатая пляменніца Аляксандра Міхалапа Ганна Выганоўская адзначыла, што гэты дзень для іх адначасова журботны і радасны. Радасць ад таго, што іх родны чалавек будзе пахаваны на сваёй малой радзіме, што яны даведаліся пра яго лёс і зараз з’явілася месца, куды можна прынесці кветкі, ушанаваць памяць загінуўшага. Яна падзякавала пошукаваму атраду, усім, хто дапамог у гэтай нялёгкай справе, а таксама кіраўніцтву раёна за ўвекавечанне памяці ахвяр вайны.

Да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіему звярнуўся начальнік адасобленай групы (па Кіраўскаму раёну) ваеннага камісарыята г.Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў Андрэй Гайдукевіч. Па яго словах, для жыхароў раёна гэта знакавы дзень: праз 80 год увекавечваецца памяць яшчэ аднаго героя Вялікай Айчыннай вайны, які загінуў, абараняючы Радзіму ад ворага. Цаной свайго жыцця тысячы савецкіх людзей выратавалі свет ад фашызму, падарылі будучым пакаленням магчымасць жыць пад мірным небам, быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Беларусы – нашчадкі гераічнага подзвігу савецкага народа, і яны абавязаны захаваць мір і незалежнасць сваёй краіны.

Настаяцель Свята-Косма Даміянаўскага храма аг.Любонічы іерэй Максім Кірэеў правёў памінальную ліцію па загінуўшаму воіну.

З воінскімі ўшанаваннямі астанкі салдата Савецкай Арміі Аляксандра Міхалапа былі пахаваны. Яго памяць ушанавалі мінутай маўчання і залпавым салютам.
Затым да магілы былі ўскладзены вянкі, кошыкі і кветкі ад раённага выканаўчага камітэта, працоўных калектываў, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў, моладзі, родных загінуўшага салдата і аднавяскоўцаў.

Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.