У добры час, жніво-2021!
Вось і надышла гарачая пара для працаўнікоў сяла – жніво! Прычым гарачая літаральна ва ўсіх сэнсах. Пад спякотным ліпеньскім сонцам хлебаробам Кіраўшчыны як мага ў найбольш сціслыя тэрміны трэба сабраць з палёў усё вырашчанае.
Аднымі з першых у раёне прыступілі да ўборачнай кампаніі працаўнікі ААТ “Дабаснянскае”. Як расказаў галоўны аграном сельгаставарыства Андрэй Голубеў, спачатку ўбралі азімы ячмень, які размяшчаўся на 100 га. Гэтай культуры на Магілёўшчыне зараз надаецца пільная ўвага: больш цёплыя зімы дазваляюць адрымліваць ранняе зерне для фуражу. Дабаснянцы сеялі ячмень ужо другі год. На круг сёлета атрымалі крыху меней, чым летась – па 26 цэнтнераў, але на тое былі аб’ектыўныя прычыны: вясной частка пасеваў павымакала.
Зараз уборачныя работы вядуцца ў гаспадарцы адразу на некалькіх франтах. Убраны семеннікі траў на 12 га. Яшчэ ўбіраць – на 70 га. Прыступилі да ўборкі азімага рапсу, які дае на круг па 22 цэнтнеры. Абжынаюць камбайнеры таксама ўчасткі з пшаніцай і трыцікале, зерне плануецца заплюшчыць на корм жывёле.
Жніво арганізавана належным чынам. Распрацаваны ўмовы спаборніцтва, ўдзельнікі кампаніі забяспечаны спецвопраткай, гарачым харчаваннем, свежай халоднай вадой, каб не даймала спёка.
На жніве пакуль задзейнічаны 4 камбайны, сёння ў работу ўключыўся пяты. Старанна працуюць экіпажы ў саставе Васіля Ясянецкага і Барыса Паўлюца (на здымку), Алега Сосава і Максіма Голубева, Аляксея Зубава і Максіма Іваніцкага і іншыя. Хутка адвозяць зерне вадзіцелі Яўген Кавалёў, Аляксей Шыбкоў, Мікалай Асташоў. Даводзіцца да ладу насенне на збожжатаку.
У добры час, жніво-2021!
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.