Актыўнымі тэмпамі вядуць уборачную кампанію хлебаробы КСУП “Чырвоны баец”

Актыўнымі тэмпамі вядуць уборачную кампанію хлебаробы КСУП “Чырвоны баец”.

Жніво ў гаспадарцы паступова выходзіць на фінішную прамую. Як паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Лянкевіч, па стане на ўчарашнюю раніцу 75% пасяўных плошчаў было абмалочана. Займала збожжава-зернебабовая група 1146 га
плюс 350 га – рапс. Гэтая культура поўнасцю ўбрана, а таксама пшаніца, ячмень. Зараз вя­дзецца ўборка трыцікале, жыта і зернебабовых.
Вырошчваліся палявыя культуры са строгім захаваннем тэхналагічных нормаў. Таму нават пры тым, што сёлета прыродны фактар практычна паўсюдна паўплываў не лепшым чынам, у “Чырвоным байцы” паспеў неблагі ўра­джай. Збожжавыя, адзначыў кіраўнік гаспадаркі, у сярэднім на круг даюць па 40 ц – гэта прыкладна на ўзроўні мінулага года, калі надвор’е куды больш паспрыяла хлебаробам. Асабліва парадавалі азімая пшаніца, якой з кожнага гектара атрымана па 42 ц, ячмень – 41 ц. А вось па трыцікале атрымаўся недабор: якраз падчас налівання зерня сонца яго крыху падпаліла, таму ўраджайнасць выйшла 34 ц/га. Хаця некаторыя маглі б пазайздросціць і такому намалоту. Падгарэлі і зернебабовыя, не такога іх ўраджаю чакалі ў гаспадарцы…
Але як бы там ні было, галоўная задача, што сёння стаіць перад сяльчанамі, – убраць без страт тое, што вырасла на палетках. З гэтай мэтай на досвітку адпраўляюцца на іх штодня камбайнеры і вадзіцелі. Пяць экіпажаў збожжаўборачных машын шчыруць на хлебнай ніве. У лідарах – Дзмітрый Аляксееў і Іван Шапоткін, на рахунку якіх больш за 1300 тон намалочанага збожжа. Старанна працуюць таксама сямейны экіпаж бацькі з сынам Аляксандра і Ігара Макаронкаў, Дзяніс Казанцаў з Дзмітрыем Цяніцкім.
Не даюць прастойваць камбайнам вадзіцелі. Хутка дастаўляюць збожжа новага ўраджаю на зернеток Юрый Кітоў, які перавёз ужо 1400 тон, Мікалай Аляксееў – перакрочыў тысячны рубеж, Аляксандр Ермалаеў. А Юрый Іваніцкі – адзіны, хто возіць зерне на ЗІЛе (астатнія – на больш магутных МАЗах) – перавёз больш за 800 т збожжа.
Не змаўкае гул рухавікоў на зернетаку. У сярэднім па
200 т зерня за змену перапрацоўваюць (а гэта ў асноўным ачыстка) Дзмітрый Малахаў з Юрыем Кірэевым і Аляксандр Анісімаў з Аляксандрам Навуменкам.
Зерне пасля дапрацоўкі адпраўляецца па прызначэнні: у склады – на насенне і фураж, у грузавікі – у кошт дзяржзаказу. Яго, да слова, “Чырвоны баец” ужо амаль выканаў. Поўнасцю закрыты планы паставак піваваранага ячменю і пшаніцы.
А на палях тым часам пасля абмалоту збожжа работы працягваюцца. Не залежваюцца валкі залацістай саломы. Адразу трыма прэс-падборшчыкамі яна скатваецца ў рулоны. Работу якасна выконваюць Віктар Аляксееў, Андрэй Лусковіч і Сяргей Бяляўскі. З палёў рулоны звозяцца да фермаў і складзіруюцца для далейшага выкарыстання ў жывёлагадоўлі. Усё, як кажуць, па-гаспадарску.
Палі ў гаспадарцы спяшаюцца вызваліць нездарма. Перш-наперш звозяць салому з тых участкаў, якія запланаваны пад сяўбу азімага рапсу. І тут жа заворваюць. Тэрміны для сяўбы прыспешваюць: аптымальныя пачынаюцца ўжо зусім хутка, і ў “Чырвоным байцы”, дзе прывыклі надаваць тэхналогіям важнае значэнне, гэта добра разумеюць. Таму і распачнуць днямі сяўбу важнай і прыбытковай культуры. Яшчэ вядзецца ўборка вырашчанага сёлета, а думкі і надзеі сапраўдных аграрыяў ужо накіраваны на ураджай будучы.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.