Кармавую базу “Рассвета” папаўняе кукуруза
Напрыканцы мінулага тыдня, праязджаючы з боку Паўлавіч да Мышкавіч, мы не маглі не спыніць рэдакцыйны аўтамабіль, каб палюбавацца сельскагаспадарчай карцінай на адным з палеткаў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Зялёную сцяну кукурузы жвава разразалі два магутныя кормаўборачныя камбайны, адначасова хутка напаўняючы сакавітай масай кузавы побач ідучых аўтамашын…
На здрабненні кукурузнай масы старанна працуе Канстанцін Пятруша
Здаецца, толькі адзвінела жніво, а ўжо надышла чарга адметнага этапу корманарыхтоўкі – уборкі кукурузы і сіласавання зялёнай масы з яе. Рассветаўцы пачалі нарыхтоўку кукурузнага сіласу аднымі з першых у раёне. Яно і нядзіўна – тут самыя вялізныя плошчы “царыцы палёў”, адведзеныя для нарыхтоўкі сіласу: раскінулася яна на 2,5 тыс. га. Агранамічная служба прадугледзела ўсе аспекты, каб атрымаць багаты ўраджай. Падабралі палі, засеялі якасным насеннем, правялі неабходныя агратэхнічныя мерапрыемствы – унеслі арганіку і мінеральныя тукі, абаранілі расліны ад шкоднікаў і хвароб. І нават нягледзячы на спёку, рассветаўскія кукурузныя палеткі выглядалі сапраўднымі сценамі. Нават візуальна бачна, што мясцовыя аграрыі атрымаюць важкі ўраджай зялёнай масы. Як адзначыў брыгадзір Сяргей Бяляўскі, які непасрэдна сам знаходзіцца на ўбіраемых участках, з кожнага гектара зараз атрымліваюць у сярэднім па 360 цэнтнераў.
На адвозцы заняты вадзіцель Валерый Шчэрбіч
Уборка вядзецца імклівымі тэмпамі. Тэхніка занята магутная і кіруюць машынамі вопытныя нарыхтоўшчыкі, як гаворыцца, правераныя “байцы”. За рулём камбайна “Krone BIG X-700” – Міхаіл Вербенка, за штурвалам “New Holland” – Канстанцін Пятруша. Каб не было прастояў, адвозку зялёнай масы забяспечваюць адразу 8 вадзіцеляў і механізатараў, якія на аўтамашынах і трактарах хутка змяняюць адзін аднаго каля камбайнаў. На магутных МАЗах старанна працуюць Валерый Шчэрбіч, Сяргей Іваніцкі, Яўген Шабуневіч, на “Беларусах” з прычэпамі – Сяргей Пятроў, Мікалай Таркан, Уладзімір Краўцоў, Аляксандр Гутараў, Уладзімір Каранкевіч.
Зялёная маса сіласуецца ў траншэях каля жывёлагадоўчых аб’ектаў. Дзве з іх ужо закладзены на МТК “Кірава”. Зараз трамбуецца першая траншэя на новай ферме у Мышкавічах. На гэтых участках заняты Сяргей Кахновіч на “Амкадоры”, Сяргей Каванскі на “Кіраўцу” і Аляксандр Міхалап на ДТ-75.
За якасцю выканання работ, захаваннем тэхналагічнага працэсу ўважліва сочаць адказныя спецыялісты.
Варта адзначыць, што кожны, хто заняты на корманарыхтоўцы, добрасумленна ставіцца да даручанай справы, а гэта дае падставы быць упэўненымі, што ўсё намечанае будзе выканана якасна і ў вызначаныя тэрміны.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.
Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».