Суперпрыз ад любімай газеты выйграў жыхар Мышкавіч
Прыемным сюрпрызам для пенсіянера з аграгарадка Мышкавічы Міхаіла Мірановіча стаў нядаўні візіт прадстаўнікоў выдавецкага дома “Звязда”. Уся справа ў тым, што Міхаіл Іванавіч стаў пераможцам конкурсу, які праводзіцца для падпісчыкаў газеты “Звязда”. У якасці суперпрыза яму была ўручана мотакаса.
Міхаіл Мірановіч родам з Чэрвеньскага раёна. У калгас “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага разам з сям’ёй пераехаў у далёкім 1977 годзе – вельмі спадабалася яму тут, вырашыў застацца ў знакамітай гаспадарцы. І ніколькі не пашкадаваў пра гэта. Старанна працаваў вадзіцелем да самага выхаду на заслужаны адпачынак.
Як прызнаўся пенсіянер, газету “Звязда” стаў чытаць з 7 гадоў. Тады выпісвалі яе бацькі. Да гэтага часу памятае Міхаіл Іванавіч першую заметку, якую прачытаў, яна насіла назву “Віншаванні савецкім жанчынам”. А пасля і сам пастаянна выпісваў газету.
Цікава, што гэта ўжо чацвёрты прыз ад “Звязды”, які выйграе герой гэтых радкоў. І ўсе вельмі патрэбныя для гаспадаркі, якую вядзе Міхаіл Мірановіч. Першым стала электрамясарубка, затым быў тапор-калун і электрадрэль. І вось цяпер – мотакаса. Яна, задаволена адзначыў пераможца конкурсу, стане добрым памочнікам у навядзенні парадку на падворку.
Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».