Жыццё складаецца са шчаслівых імгненняў

Шчасце… Для кожнага з нас яно сваё: хтосьці знаходзіць яго
ў сям’і, адносінах з роднымі людзьмі, для кагосьці аддушынай становіцца цікавы занятак ці хобі, а іншыя – любяць сваю работу, якая прыносіць задавальненне, дае магчымасць раскрыцца, прадэманстраваць здольнасці. Для галоўнага бухгалтара ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталлі Лук’янавай шчасце аб’яднана адразу ў некалькіх момантах: побач – яе сям’я і родныя людзі, ёсць хобі для душы і адпачынку, а яшчэ – любімая работа, якой прысвечаны не адзін год працоўнага жыцця.
Нарадзілася Наталля Лук’янава ў Данецку. Яе бацька быў родам з Бранскай вобласці, а матуля – з Касцюковіцкага раёна Магілёўшчыны. Савецкая моладзь у той час была вельмі смелай і мэтанакіраванай, яны ехалі вучыцца і працаваць у розныя куточкі вялікай краіны пад назвай Савецкі Саюз. Вось і бацькі Наталлі Мікалаеўны, падбадзёрваемыя камсамольскім запалам, паехалі працаваць у Данецк. Там маладыя людзі і пазнаёміліся, праз пэўны час – ажаніліся. У іх нарадзіўся сын, потым – у 1961 годзе – Наташа. Калі дзяўчынцы было два годзікі, бацькі вырашылі пераехаць жыць у Беларусь, у Касцюковіцкі раён. Ужо тут у Наталлі з’явіліся брат і сястра. Іх мнагадзетная сям’я заўсёды была вельмі дружнай, дзеці раслі ў бацькоўскай любові і клопаце.

Пасля заканчэння школы Наталля паступіла ў Мінскі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (зараз БДАТУ), дзе набыла спецыяльнасць інжынера-тэхнолага. Размеркаванне атрымала ў Кіраўскі раён, пачала сваю працоўную дзейнасць у якасці інжынера ў тагачаснай райсельгасхіміі.
Па словах Наталлі Мікалаеўны, гарадскі пасёлак (у 1984 г. Кіраўск меў такі статус) ёй адразу спадабаўся: ціхія і ўтульныя вуліцы, усё ў крокавай даступнасці, а галоўнае – шчырыя і адкрытыя людзі, калегі па рабоце, якія ніколі не адмаўлялі ў дапамозе і падтрымцы. Аднойчы ў камандзіроўцы ў Магілёве дзяўчына пазнаёмілася з маладым чалавекам: мімалётная сустрэча перарасла ў любоў, а потым – у вяселле. Маладажонам на Кіраўшчыне прапанавалі жыллё, таму і вырашылі Лук’янавы застацца тут. Праз год у сям’і нарадзіўся сынок, затым – дачушка.
У 1994 годзе Наталлю Лук’янаву запрасілі на работу ў аддзел адукацыі, бухгалтарам. Вось тут і спатрэбіліся ёй веды, набытыя падчас праходжання перакваліфікацыі на базе Мінскага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе атрымала спецыяльнасць эканаміста, арганізатара сельскагаспадарчай вытворчасці. А ў снежні 2005 года Наталля Мікалаеўна перайшла працаваць ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

За гады работы праз яе рукі прайшлі мільёны розных лічбаў, тысячы справаздач і дакументаў. Але і дагэтуль, кажа жанчына, ёй вельмі па душы яе справа, падабаецца кантроль ва ўсім, дакладнасць, адказнасць за кожны разлік, за кожную лічбу.
Наталля Лук’янава на добрым рахунку ў кіраўніцтва райсельгасхарчу: яе ведаюць як кваліфікаванага, адказнага і надзейнага спецыяліста. Не аднойчы яе шматгадовая праца была адзначана граматамі і падзячнымі пісьмамі. Вось і сёлета, падчас святкавання Дня горада, Наталля Лук’янава была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама. З удзячнасцю адгукаюцца пра Наталлю Мікалаеўну бухгалтары сельгасарганізацый раёна, работу якіх яна курыруе. Жанчына ніколі не адмовіць у дапамозе ці падтрымцы, абавязкова падкажа, як правільна зрабіць разлікі ці справаздачу, якімі нарматыўнымі актамі карыстацца ў той ці іншай сітуацыі. З задавальненнем дзеліцца яна сваім багатым вопытам з маладымі кадрамі, якія прыходзяць у бухгалтэрыю сельскіх гаспадарак.
У свой час, успамінае Наталля Мікалаеўна, і ёй дапамагалі калегі-бухгалтары, якім яна ўдзячна і дагэтуль. Сярод іх – Джанна Анісковіч, Алена Асіпенка, Святлана Матвеенка.

Сваю работу жанчына лічыць нескладанай, а проста адказнай, патрабуючай пастаяннай самаадукацыі, жадання развівацца і вучыцца. З усмешкай спецыяліст адзначыла, што без бухгалтара іншы раз і тэхніка ў поле не выйдзе: не пералічыць ён грошы на паліва ці запчасткі, вось і будзе прастой. Гэта, канешне ж, жарт, кажа Наталля Лук’янава, на самой справе, бухгалтары сельгасарганізацый раёна людзі вельмі дысцыплінаваныя і добрасумленныя.
Сёлетні год для Наталлі Мікалаеўны – вельмі шчаслівы, яна двойчы стала бабуляй: у сакавіку сыночкі нарадзіліся ў сем’ях і дачкі, і сына, а яшчэ – яна сустрэла чарговы юбілейны дзень нараджэння, які стаў новай прыступкай у лёсе.

Штодня пасля работы жанчына спяшаецца дадому, дзе яе чакае муж Мікалай Іванавіч і … агарод, а дакладней, мноства кветак, кустоўя і вінаград, вырошчваннем якога захапілася нядаўна. Для кагосьці догляд за прысядзібным участкам – цяжкая праца, а для Наталлі Мікалаеўны – аддушына, занятак, які дае сілы, напаўняе душу спакоем, а сэрца – цішынёй. Па словах жанчыны, з раніцы, яшчэ да работы, яна абыходзіць свае ўладанні, назірае, як радуюцца новаму дню кветкі, як наліваюцца плады на дрэвах і кустах, як блішчаць у промнях сонца маленькія кропелькі расы… Атрымаўшы ад прыроды запал бадзёрасці, яна адпраўляецца на работу, каб увечары зноў акунуцца ў чароўны свет раслін, атрымаць асалоду ад зносін з прыродай.
Ёсць у Наталлі Мікалаеўны і яшчэ адно хобі – выпякаць і гатаваць штосьці смачнае і незвычайнае. Калі дзеці былі малымі, успамінае жанчына, яна часта радавала іх тортамі і салодкасцямі. Зараз жа, сем’і дочкі і сына жывуць у Мінску, таму калі яны збіраюцца ў госці, то ведаюць – абавязкова іх чакае кулінарны сюрпрыз ад любімай матулі.
Вось так, у штодзённых клопатах і радасцях бяжыць жыццё. Кожны новы дзень кіраўчанка Наталля Лук’янава пачынае з новых ідэй і задум, і, як чалавек, які любіць дакладнасць, яна ўсё загадзя плануе і размяркоўвае.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.