Насустрач «Дажынкам-2021»: Пятая вышыня Мікалая Асташова. Запар!..

Перамагчы ў раённым спаборніцтве на жніве для кожнага хлебароба, –  безумоўна, вялікі гонар. Гэта значыць, ты пастараўся на славу, сваёй працай унёс значную частку ў агульны каравай, максімальна прадукцыйна выкарыстаў свае сілы, уменні і навыкі і цяпер, калі ўбраны з палёў хлеб, можаць атрымаш задавальненне ад дастойных вынікаў…

Мікалай Асташоў, вадзіцель ААТ “Дабаснянскае” такое задавальненне атрымлівае ўжо ў пяты раз. Прычым яго працоўнае дасягненне па праву можна лічыць адметным: у пяты раз запар (!) ён стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў.

Кожнае жніво Мікалай Леанідавіч чакае з асаблівым хваляваннем. Гэтая пара  і справа сталі для вадзіцеля любімымі. Сёлетняя ўборачная кампанія для яго была 13-й, але, нягледзячы на папулярныя для многіх забабоны пра гэтую лічбу, зноў аказалася шчаслівай. Менавіта столькі год таму Мікалай Асташоў з невялікага УАЗіка перасеў за руль бартавога САЗа-3507 і стаў удзельнічаць у жніве. Тады ён якраз пераехаў у Добасну з Лешчанкі – сустрэў там сваё каханне, а пазней і перабраўся ў вёску, адкуль родам жонка Лілія Уладзіміраўна, настаўніца пачатковых класаў.

Першыя сезоны на жніве сталі так званымі “прыстрэлачнымі”. Машына была далёка не новая – сёння ёй ужо далёка за 30 год. Але што значыць той факт, калі яна знаходзіцца ва ўмелых руках. Мікалай перабраў яе літаральна да вінціка, зрабіў капітальны рамонт, уключаючы замену рухавіка і кузава. І вось менавіта на “ветэране” дабаснянскага мехдвара цяпер перадавы вадзіцель і дабіваецца штогод працоўных перамог – “бегае” машына шпарка і надзейна.

Зразумела, што цягацца з магутнымі МАЗамі, якія ў асноўным заняты на ўборцы збажыны ў раёне, на адносна невялікім САЗе занадта цяжка. Але для таго пры падліку рэзультатаў потым і прымяняецца адпаведны каэфіцыент. І тут машына меншай умяшчальнасці выходзіць наперад. Але гэта ў матэматычна-тэхнічным плане. Галоўнае, пэўна, усё ж, стараннасць самога рулявога. Яму даводзіцца за дзень зрабіць вялікую колькасць рэйсаў ад камбайнаў да збожжатока і назад. Намінальна ў САЗ умяшчаецца да 4,5 т зерня, а за дзень Мікалай Асташоў перавозіў да 100 т і нават больш.

Мікалай Асташоў, сціплы працаўнік, не зводзіць свае перамогі толькі да ўласных заслуг. У тым, што ўдаецца дасягнуць поспеху, лічыць вадзіцель, трэба аддаць належнае і кіраўніцтву гаспадаркі, якое заўсёды ідзе насустрач: да прыкладу, імкнецца не адцягваць час і увагу на іншыя работы, якіх паралельна са жнівом таксама шмат. Падтрымліваюць хлебароба і члены сям’і. Дарэчы, сын Дзмітрый таксама не раз прымаў удзел у жніве, а зараз вырашыў прысвяціць сябе іншаму высакароднаму жыццёваму занятку – стаў выратавальнікам.

Чарговая перамога – гэта, безумоўна, прыемна, лічыць Мікалай Асташоў. Але галоўнае – тыя залатыя тоны свежага збожжа, якія своечасова ўбіраюцца з палёў, і радасць ад любімай справы, для якой кожная раніца – у радасць, а стома ад напружанага дня – прыемная.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.