Насустрач «Дажынкам-2021»: Сямейныя экіпажы Драздоў з «Рассвета» – пераможцы раённага спаборніцтва на жніве

Хлебароб – найстаражытная з прафесій. Ва ўсе часіны ўзворваць глебу, класці ў яе насенне, збіраць ураджай лічылася ганаровай і запатрабаванай справай. Сёння праца хлебароба – механізаваная, але ж яе роля ў грамадстве па-ранейшаму важная. Сямейная дынастыя Драздоў – бацькоў Мікалая і Анатоля і іх сыноў Андрэя і Сяргея, якія шчыруюць механізатарамі ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, славіцца годнымі працоўнымі поспехамі не толькі на тэрыторыі нашага раёна, але і за яго межамі. Працавітасць і ўпартасць дапамагаюць гэтым руплівым хлебаробам не толькі выдатна выконваць сваю работу, але і станавіцца лідарамі працоўных спаборніцтваў.
Падчас сёлетняга жніва Андрэй і Сяргей Дразды сталі першымі тысячнікамі на Магілёўшчыне, з гэтай нагоды павіншаваць іх з высокім працоўным дасягненнем і падзякаваць за адказную працу прыязджаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Такім чынам, наш раён шосты год запар першым у Магілёўскай вобласці дасягнуў тысячнага намалоту збожжа на жніве.
У раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур за 2021 год старшы камбайнер Мікалай Дрозд і камбайнер Анатоль Дрозд прызнаны пераможцамі сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, Андрэй і Сяргей сталі лідарамі сярод маладзёжных экіпажаў. Да таго ж, маладыя хлебаробы Дразды ўвайшлі ў тройку пераможцаў рэспубліканскага праекта “Моладзь за ўраджай!”, наладжанага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

Старэйшыя з хлебаробскай дынастыі Драздоў – родныя браты Анатоль і Мікалай

Немагчыма пералічыць вытворчыя дасягненні Мікалая Дразда. Адна з самых ганаровых узнагарод – медаль “За працоўныя заслугі”. Больш за тры дзясяткі год ён разам са сваім братам-блізнюком шчыруе на карысць рассветаўскай гаспадаркі. Любоў да тэхнікі, праца за штурвалам камбайнаў захапіла Мікалая і Анатоля з дзяцінства, перадалася ад бацькі, які быў трактарыстам у “Рассвеце”. Павагу да зямлі-карміцелькі, а таксама сакрэты механізатарскай справы яны прывілі і сваім сынам. Некалькі сезонаў Андрэй у якасці памочніка шчыраваў на жніве ў пары з бацькам Мікалаем Мікалаевічам. А два гады запар рассветаўскія палеткі пакараюць ужо два збожжаўборачных экіпажы Драздоў.
Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці інжынера па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі Андрэй свядома выбраў работу камбайнера на жніве – хацеў ісці па бацькоўскіх слядах. У памочнікі запрасіў стрыечнага брата Сяргея, якога лі­чыць добрым спецыялістам у рамонце тэхнікі, – у яго руках работа спорыцца і вопыт працаваць на зямлі таксама з дзяцінства. Шчыраваць плячо ў плячо з блізкім чалавекам значна прасцей: узаемадапамога, падтрымка і разуменне дазваляюць дасягаць выдатных рэзультатаў.

 

Фото sb.by 

Эстафета – у надзейных руках: стрыечныя браты Андрэй і Сяргей Дразды

Хлопцы адзначылі, што ні разу не пашкадавалі аб сваім выбары, наадварот, ім дастаўляе радасць тое, што іх праца з’яўляецца гонарам для бацькоў, прыносіць карысць грамадству.
У кожнага з дынастыі гэтых хлебаробаў за плячыма багаты працоўны вопыт. Яны ведаюць, што жніво бывае розным: з добрымі альбо дрэннымі пагоднымі ўмовамі, высокай ці не вельмі ўраджайнасцю, аднак хлеб трэба ўбраць хутка і без страт. Таму кожны ўборачны сезон Мікалай і Анатоль, Сяргей і Андрэй Дразды садзяцца за штурвалы сваіх збожжаўборачных камбайнаў і штурмуюць бяскрайнія хлебныя нівы. А якая ў іх справа – такая і слава!
Яўгенія БЯЛЬКО.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.