Каштоўны экспанат папоўніў калекцыю музея СШ №2 имя К.П.Арлоўскага

Падчас чарговага ўрока мужнасці з вучнямі VIII класаў СШ №2 імя К.П.Арлоўскага сустрэўся начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Андрэй Гайдукевіч. Ён завітаў да школьнікаў з ганаровай місіяй: каб перадаць у калекцыю школьнага гісторыка-краязнаўчага музея каштоўны экспанат – каску і некаторыя асабістыя рэчы воінаў Чырвонай Арміі.

У 2020 годзе ў раёне вёскі Падрэчча працавалі байцы 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Гэта адзінае падраздзяленне ў краіне, якое займаецца пошукам і ідэнтыфікацыяй астанкаў вайскоўцаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ііншых ваенных кампаній, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі. У ходзе пошукавых работ ля Падрэчча, непадалёк ад Бабруйскай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі былі знойдзены астанкі савецкіх салдат, якія пазней перапахавалі на могілках у Падрэччы, некаторыя прадметы ваеннага абмундзіравання і асабістыя рэчы ваеннаслужачых часін 1943 – 1944 год. Па прычыне таго, што знойдзена гэта ўсё на тэрыторыі Кіраўшчыны, было вырашана перадаць рэчы на захаванне ў гісторыка-краязнаўчы музей СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. Яго загадчык Валянціна Яскевіч адзначыла, што каска савецкага салдата – каштоўны экспанат, бо дагэтуль у музеі захоўваліся толькі нямецкія шлемы.

У працяг урока мужнасці Андрэй Гайдукевіч падрабязна расказаў юнакам і дзяўчатам аб экіпіроўцы савецкага салдата ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Каб выжыць і перамагчы ў баі, адной толькі зброі недастаткова – патрэбна надзейная экіпіроўка. Баявому абмундзіраванню савецкіх салдат надавалася вялікая ўвага. Экіпіроўка чырвонаармейцаў увесь час удасканальвалася, яе высокую якасць і надзейнасць прызнавалі нават немцы.

Завяршаючы ўрок, Андрэй Гайдукевіч адзначыў: “У нашай краіне ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны надаецца значная ўвага. Нават у праекце змяненняў і дапаўненняў ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, з’явіўся новы раздзел, які абавязвае і грамадзян, і дзяржаву захоўваць і шанаваць сапраўдную памяць аб гістарычных падзеях, у тым ліку часін Вялікай Айчыннай вайны. Асабіста я ўпэўнены, што кожнаму грамадзяніну, пачынаючы з маленства, трэба і важна ведаць гісторыю Радзімы, народа, нацыі, імкнуцца захоўваць здабыткі, пакінутыя ў спадчыну папярэднімі пакаленнямі”.

Затым урок прадоўжыўся ў памяшканні музея. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандр Сазонаў расказаў рабятам аб пошукава-даследчай дзейнасці.

Яўгенія БЯЛЬКО.

Фота Максіма МІКЕШЫНА.    

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.