Кіраўчане абмяркоўваюць праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Наталля ТРАЦЦЯКОВА, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Кіраўскай выбарчай акрузе №14, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дэпутат Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў:
– У першую чаргу, у праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звярнула ўвагу на артыкулы, якія датычацца раздзела II “Асоба, грамадства, дзяржава”.
Праект абноўленай Канстытуцыі прадугледжвае пашырэнне правоў, а таксама і абавязкаў бацькоў па выхаванні сваіх дзяцей. Напрыклад, артыкул 32 прапануецца дапоўніць – “рыхтаваць да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі”. Я лічу, што прыцягненне падрастаючага пакалення да грамадска карыснай працы стане добрым імпульсам да развіцця асобы неабыякавага грамадзяніна. Падрастаючае пакаленне павінна вучыцца паважаць сталых людзей, дапамагаць ім, актыўна займацца валанцёрскай работай. Нашым дзецям не варта расці спажыўцамі, ім трэба разумець, што ад іх пазіцыі, удзелу ў жыцці краіны залежыць будучыня нацыі.
Хто як не бацькі, у першую чаргу, павінны прывіваць сынам і дочкам культуру і павагу да законаў, гісторыі роднай краіны! Вядома, педагогі, выхавальнікі ўносяць свой уклад у развіццё асобы дзіцяці, але ж усё пачынаецца з сям’і. У коле адказнасці бацькоў – навучыць дзяцей ведаць гісторыю, традыцыі, культуру свайго народа, берагчы здабыткі, пакінутыя ім у спадчыну папярэднімі пакаленнямі, і ўмець годна насіць званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

 

ТЕГИ: #конституция #обсуждение #мнение #проект

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.