Цікавая вандроўка
У раённым спаборніцтве сярод бібліятэк і бібліятэкклубаў калектыў дзіцячай бібліятэкі філіяла ДУК “Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна” стаў пераможцам.
Беларусь – наша Радзіма. А з чаго пачынаецца Радзіма? Канешне, з песні маці, з роднага слова! І нездарма назва нашага мерапрыемства, якое прайшло ў дзіцячай бібліятэцы, гучала як звон – “Вандроўка ў родную мову”. Мы, беларусы, павінны ганарыцца роднай мовай. Яна – прыгожая, сакавітая, лагодная, нездарма многія паэты прысвяцілі ёй свае вершы.
Адкрыццём мерапрыемства стаў “Буцік лепшых беларускіх кніг”, які быў аформлены ў дзіцячай бібліятэцы, ён запрасіў усіх чытачоў “прымерыць” самыя чытаемыя кнігі беларускіх аўтараў, адкрыць для сябе новых сучасных пісьменнікаў, пазнаёміцца з часопісамі “Вясёлка”, “Буся”.
На мерапрыемстве прысутнічалі вучні СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, якім супрацоўнікі бібліятэкі прапанавалі прыняць удзел у гульні, паказаць, што яны ведаюць і любяць сваю родную мову. Дзве каманды “Сонейка” і “Вясёлка” прымалі ўдзел у конкурсах: “Скарбы роднай мовы”, “Чароўны клубочак”, “Перакладчык”, “Старонкі мінулага і сучаснага”, “Нечаканыя пераўтварэнні”. Да сустрэчы вучні падрыхтавалі малюнкі на тэму “Мая любімая беларуская казка”.
Дзякуючы такім мерапрыемствам у дзяцей фарміруецца паважлівае стаўленне да культуры, традыцый беларускага народа. Кожны юны чытач зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо ў ёй захавана наша гісторыя.
Таццяна КУНІЦКАЯ, супрацоўнік дзіцячай бібліятэкі.