Сумленна і адказна выконваць даручаную справу

Штогод у першы дзень лютага ў доме кіраўчаніна Дзмітрыя Карніцкага не змаўкае тэлефон: родныя, сябры і знаёмыя спяшаюцца павіншаваць яго з днём нараджэння. Сённяшні дзень для Дзмітрыя Іосіфавіча асаблівы – адзначае 75-гадовы юбілей.
Цікавы факт з жыцця юбіляра – ён з’яўляецца ветэранам працы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, і значную частку свайго жыцця прысвяціў пажарнай службе, у якой таксама лічыцца ветэранам. Справа ў тым, што ў гады работы Дзмітрыя Іосіфавіча інспекцыя дзяржпажнагляду, у якой ён працаваў на розных пасадах, уваходзіла ў структуру міліцыі. Аднак аб усім па парадку.
…Нарадзіўся Дзмітрый Карніцкі ў Стаўпішчах, адкуль былі карані яго маці Веры Яфімаўны. Бацька Іосіф Францавіч родам з Заслаўшчыны. Калі ён ажаніўся з маці Дзмітрыя, за плячамі быў нялёгкі лёс, абапалены падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Разам з Верай яны пабудавалі дружную сям’ю, у якой выраслі чацвёра дзяцей, выхаваных у атамсферы сяброўства, узаемадапамогі і адказнасці ў любой справе. Бацька працаваў цесляром, добра авалодаў усімі прамудрасцямі гэтай прафесіі і штосьці перадаў у спадчыну сынам.
Дзмітрый Карцнікі ўспамінае, што гады маленства ён правёў у Стаўпішчах. У 1959 годзе сям’я пераехала ў Кіраўск.
Пасля заканчэння 8 класаў мясцовай школы Дзмітрый накіраваўся паступаць у Віцебскі тэхнікум сувязі, аднак не прайшоў па конкурсе. Вярнуўшыся ў Кіраўск, быў прыняты на работу ў раённы вузел сувязі дастаўшчыкам тэлеграм, а праз 2 гады назначаны на пасаду тэлеграфіста. Пазней вырашыў змяніць род дзейнасці і працаўладкаваўся слесарам ў Аўтабазу-14, адкуль быў прызваны ў рады Савецкай Арміі.
Менавіта падчас службы ў арміі прыйшло ўсведамленне, што важна авалодаць прафесіяй па душы, у якой можна развівацца і самаўдасканальвацца.
Пасля выканання воінскага абавязку ў жніўні 1969 года паступіў на службу ў органы ўнутраных спраў, на пасаду інспектара дзяржпажнагляду, дзе праслужыў да самага выхаду на заслужаны адпачынак у 1992 годзе, у цэлым – 26 год.
Перад паступленнем на службу прайшоў навучанне на курсах па пажарнай справе ў Ленінградзе, затым завочна скончыў Магілёўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (зараз – Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж).

У пажарнай інспекцыі доўгі час працаваў удваіх з напарнікам Міхаілам Шынкевічам. Пажарная служба была ў тыя часіны зусім не ў такім выглядзе, як зараз. Па ўспамінах юбіляра, тут працавала каля 12 чалавек і 2 інспектары. Нагрузка на агняборцаў – найвялікшая. У разліку меліся ўсяго 2 пажарныя машыны, а ўмяшчальнасць ёмістасцей пад ваду была куды меншая, чым зараз. У інспектараў дзяржпажнагляду было яшчэ шмат і дадатковай нагрузкі. Толькі згодна непасрэднай работы па прафілактыцы пажараў ім удваіх трэба было тройчы на год праводзіць абследаванні на прадмет выканання тэхнікі пажарнай бяспекі ўсіх гаспадарак у раёне. А паколькі пажарная часць уваходзіла ў структуру міліцыі, то даводзілася, як і іншым супрацоўнікам райаддзела, дзяжурыць згодна графіка, выконваць работу па ахове грамадскага парадку, патруляваць, выязджаць у рэйды. На гэтай службе Дзмітрый Карніцкі атрымаў добрую загартоўку характару і вопыт. Паміж асноўнай работы і дзяжурствамі займаўся будоўляй асабістага дома. Як зараз успамінае, дапамагала ўзводзіць хату ўся сям’я. Вось тут добра спатрэбіліся цяслярскія сакрэты бацькі, які ячшэ навучыў і печы выдатна класці. Пазней, гэты дом застаўся ў спадчыну старэйшаму сыну Дзмітрыя Іосіфавіча. А ён пабудаваў сабе новы, дзе зараз і жыве з жонкай Надзеяй Трафімаўнай. Яе ўзвядзеннем займаўся ўжо пасля выхаду на пенсію. Дарэчы, звольніўся ў званні маёра і з багатай скарбонкай узнагарод за бездакорную службу.
З 1992 па 1994 гады быў камандзірам аддзялення пажарнай часці. Затым пэўны час не працаваў, бо будаваў дом. У 1999 годзе ўладкаваўся машыністам ачышчальных збудаванняў у “Жылкамгас”, дзе працаваў на розных пасадах 10 год.
З 2009-га Дзмітрый Карніцкі займаецца хатняй гаспадаркай. Зараз разводзіць курэй. З нецярпеннем чакае вясны, каб распачаць агародныя справы. З маладосці любімым заняткам ў вольны час было ціхае паляванне – паход у грыбы. І зараз пры любой магчымасці імкнеца ў грыбны сезон трапіць у лес, дзе адпачывае і радуецца наваколлю душа.
Заўсёды жаданымі гасцямі ў доме Дзмітрыя і Надзеі Карніцкіх з’яўляюцца іх дзеці і ўнукі. Таксама не пакідаюць без увагі паважанага ветэрана працы кіраўніцтва і супрацоўнікі райаддзелаў унутраных спраў і па надзвы­чайных сітуацыях – віншуюць са святамі і значнымі датамі, запрашаюць на сустрэчы з маладымі работнікамі – падзяліцца вопытам і даць слушныя парады. Дзмітрый Карніцкі раіць адно, на яго думку, самае галоўнае – сумленна і адказна выконваць даручаную справу, не пужацца цяжкасцей, не бегчы ад іх, не хавацца, а з упэўненасцю ў сваіх сілах рухацца наперад і дзякаваць лёсу за тое, што ён дае кожнаму з нас.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.