“Са скарбніцы беларускай музыкі”
Са скарбніцы беларускай музыкі” – такую назву далі свайму мерапрыемству, прысвечанаму Году гістарычнай памяці, Жыліцкая дзіцячая школа мастацтваў і сельская бібліятэка.
Работнікі бібліятэкі арганізавалі кніжна-ілюстрацыйную выставу “Мілагучная… Спеўная…Родная”, дзе былі прадстаўлены кнігі, фотаальбомы пра гісторыю музычнай культуры, выдатныя музычныя калектывы і выканаўцы, якія зрабілі значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. Раздел «Чароўныя гукі беларускай паэзіі ў песнях» пазнаёміў з творамі, пакладзенымі на музыку беларускімі кампазітарамі.
Юныя мастакі прадставілі свае работы “Гэта зямля твая і мая”, а выкладчыкі і навучэнцы Жыліцкай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі канцэртную праграму .
Удзельнікі канцэрта прапанавалі сваім гледачам як народныя песні, танцы і інструментальныя творы, так і музыку беларускіх аўтараў. Юныя музыканты выконвалі творы на баяне, акардэоне, гітары, домры. Песні беларускіх кампазітараў прагучалі ў выкананні выкладчыкаў і вучняў школы мастацтваў. Асаблівы ўрачысты настрой выклікала выкананне ансамблем выкладчыкаў інструментальнай п’есы “Вяртанне да спадчыны”.
Падчас канцэрта гледачы мелі магчымасць даведацца пра гісторыю ўзнікнення музычных твораў. А пра народныя танцы не толькі даведацца, але нават і станцаваць іх.
Гэтае мерапрыемства яшчэ раз прадэманстравала, што мы па праву можам ганарыцца сваёй багатай спадчынай і быць упэўненымі ў тым, што скарбніца беларускай музыкі будзе напаўняцца новымі скарбамі.