У «Чыгірынцы» завяршылі сяўбу яравых збожжавых

Сёлетняя вясна дастаўляе аграрыям нямала клопатаў. У лясных масівах яшчэ там-сям снег не сышоў. А земляробы імкнуцца выкарыстаць кожную пагодную хвіліну, каб паспець своечасова правесці палявыя работы.

Актыўна вядуць веснавую палявую кампанію працаўнікі СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. Учора, калі мы наведаліся ў гаспадарку, тут засявалі яравымі збожжавымі апошнія гектары.
– Яравы збожжавы клін у нас не вельмі вялікі – 150 га, – расказаў аб ходзе работ галоўны аграном Юрый Смятана. – З іх 50 га займае авёс і 100 га – гарох. Пяць дзён спатрэбілася, каб закрыць план. Але яшчэ шмат розных культур трэба размясціць на палях. Кукурузай на зерне засеем 220 га, на зялёную масу – 635 га, гароха з аўсом – 250 га, райграсам на насенне – 120 га, пайзай – 100 га. Упершыню паспрабуем вырасціць рэдзьку алейную – яна размясціцца на 30 га.
Работы ў сельгасфіліяле вядуцца ў комплексе. Вільгаць у глебе з дапамогай культыватараў закрываюць Аляксандр Апсіт і Сяргей Фірагін. З пасяўным агрэгатам старанна працуе Анатоль Кузьмін. На магутным “Беларусу” ён хутка засявае гектар за гектарам.


Глеба, перш чым пакласці ў яе насенне, угнойваецца мінеральнымі тукамі. Для гэтых мэт у гаспадарцы маюцца дзве хуткасныя самаходныя машыны “Раса”. Кіраваць імі даручана Віктару Данцову і Ігару Капусціну. Першы з іх даўно працуе ў “Чыгірынцы”, вопытны і надзейны работнік. Другі нядаўна прыйшоў у дружны мясцовы механізатарскі цэх, але, як адзначыла кіраўніцтва філіяла, уліўся ў калектыў адразу і выконвае заданні выдатна. Своечасова забяспечваюць падвоз і загрузку тукаў Сяргей Іванчыкаў і Вячаслаў Рудэнка.

Ігар Капусцін уносіць мінеральныя тукі.

Яравым культурам яшчэ ўзыходзіць у перспектыве, а на палях зазелянелі азімыя. Па словах галоўнага тэхнолага палёў, перазімавалі яны добра, а каб надаць усходам сіл і энергіі, іх, вядома ж, трэба падкарміць, што і робяць чыгірынцы. Першая падкормка праведзена на ўсіх палях, дзе растуць азімыя, а гэта 1039 га, і паўторна ўжо культуры падкармілі на 613 га. Дарэчы, і калійныя, і фосфарныя, і азотныя тукі маюцца ў гаспадарцы пад поўную патрэбу, як і насенны матэрыял.
Паралельна ўносіцца арганіка. Механізатары Сяргей Брэндзікаў і Сяргей Смалоўскі раскідалі на палях 18400 тон угнаенняў. Пагрузку забяспечвае на “Амкадоры” Аляксандр Смалоўскі.
Дзве адзінкі тэхнікі заняты на ворыве. На адным трактары вядзе яго Мікалай Бабіцкі. Другім – магутным “Беларус-3022” – кіруюць пазменна Васіль Азаркоў і Юрый Драгін. Абодва магіляўчане, адкамандзіраваныя галаўным прадпрыемствам у “Чыгірынку” для вядзення палявых работ. Да слова, трактар набыты зусім нядаўна. Плануецца выкарыстаць гэтую тэхніку для перазалужэння пашаў.

Васіль Азаркоў заняты на ворыве

Рабочы працэс наладжаны ў гаспадарцы належным чынам. Кожны на сваім участку імкнецца выканаць даведзенае заданне хутка і якасна. А калі ўсё прадумана да дробязей, ёсць шанц разлічваць на добры ўраджай.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.
На здымку ўверсе: старанна працуе на сяўбе яравых культур Анатоль Кузьмін.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.