28 чэрвеня – дзень вызвалення Кіраўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Хроніка вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

28 чэрвеня 1944 года тэрыторыя нашага раёна была поўнасцю вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у выніку правядзення наступальнай аперацыі “Баграціён” войскамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў.

24 чэрвеня пачаўся разгром бабруйскай групоўкі ворага. У выніку наступлення савецкіх войск была прарвана абарона праціўніка. Байцы вызвалілі вёскі Асаўнік, Барчыцы, Глыбокавічы, Капусціна, але на подступах да шашы Магілёў – Бабруйск перад імі аказалася моцная танкавая заслона. Батальёны Героя Савецкага Саюза Шаўцова і капітана Бураўцова ў кароткай схватцы на адкрытым полі паміж вёскамі Капусціна і Старцы перамаглі гітлераўцаў.
283-я і 5-я стралковыя дывізіі фарсіравалі р.Друць на ўчастку ад в.Літобічы да в.Падсёлы, вызвалілі Стайкі, Дубцы. Адначасова былі адбіты ў ворага в.Прыбар, Чыгірынка, Нямкі, Гогаль, Колбава, Падлужжа.
323-я стралковая дывізія ўзяла напрамак праз вёскі Чарабамір, Новае і Старое Заліцвінне, Хвайніца, Бераснёўка, Скачок, Новы Гарадок.
У вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў актыўны ўдзел прынялі 108-я стралковая і 120-я гвардзейская стралковая дывізіі. Іх шлях праходзіў праз вёскі Добасна, Паўлавічы, Полькавічы.
26 чэрвеня былі вызвалены Жылічы, Барчыцы, Даброціна, Дабрыца, Пясцова, Чырвоная Горка, Баркі, Харлапавічы, Капачоўка, Лёўкавічы, Добасна, Пархімкавічы, Паўлавічы, Шпілеўшчына, а праз дзень – Новыя і Старыя Дваранінавічы.
27 чэрвеня каля в.Полькавічы завязаўся цяжкі бой, але савецкія воіны мужна змагаліся і разбілі групоўку ворага.
Да 27 чэрвеня амаль усе населеныя пункты Кіраўскага раёна былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Войскі Чырвонай Арміі прарвалі абарону праціўніка на ўсім участку правага крыла фронту ад в.Падсёлы на Друці да Жлобіна. У акружэнне трапілі амаль 40 тысяч фашыстаў.
У гэты ж дзень былі вызвалены вёскі Гарадзец, Пацава Слабада, Падрэчча.
Асабліва кровапралітныя баі адбыліся 28 чэрвеня. На світанні гітлераўцы пайшлі на штурм пазіцый савецкіх войск на ўсёй лініі абароны ад Цітаўкі да Кіраўска па шашы Магілёў – Бабруйск. Дзве групы немцаў ноччу падыйшлі да в.Букіно і Кіраўска. Раніцай яны былі знішчаны воінамі Чырвонай Арміі, якія вялі баі за вёскі Старцы, Стараселле, Хамічы і Селішча.
Галоўны ўдар па нашай абароне праціўнік нанёс на ўчастку ад в.Цітаўка да в.Падрэчча, якія абаранялі 9-ы танкавы корпус, 108-я і 413-я стралковыя дывізіі і 8-я мотастралковая брыгада. Ворагу не ўдалося прарваць абарону савецкіх войск. У 12 гадзін дня групоўкі немцаў былі разгромлены, у выніку чаго вызвалены вёскі Сяргеевічы, Любонічы. Толькі невялікім групам фашыстаў удалося прасачыцца на паўночна-заходнім напрамку да вёсак Гута і Шчаткава, але і яны былі знішчаны.
У той жа час на паўночнай граніцы тэрыторыі раёна рухаліся нашы войскі і вызвалілі вёскі Збышын, Пільнікі, Стары і Новы Юзін.
Савецкім воінам дапамагалі партызаны, якія пераразалі шляхі адступлення праціўніка, знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага. На тэрыторыі раёна дзейнічалі 14 партызанскіх фарміраванняў, якія часта аб’ядноўваліся для правядзення баявых аперацый. Важкі ўклад у перамогу над ворагам унеслі і мірныя жыхары населеных пунктаў раёна.
Пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў савецкія воіны праявілі гераізм, мужнасць і адвагу. Многія з іх былі ўзнагаро­джаны ордэнамі і медалямі.
Ім – наша ўдзячнасць за мір і спакой на роднай зямлі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.