«Зажынкі” далі старт жніву на Кіраўшчыне

Сёння на Кіраўшчыне народным абрадам “Зажынкі” быў дадзены сімвалічны старт жніву-2022.

Свята адбылося ў зоне адпачынку “Крынічка”, дзе абсталяваны водасвятны комплекс святога Аляксандра Неўскага. Побач раскінулася збожжавае поле ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. І гэта таксама вельмі сімвалічна: побач – вада і хлеб – адны з найкаштоўнейшых жыватворных багаццяў для чалавека, без якіх ён не можа існаваць.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, яе намеснік Таццяна Бяляўская. Свята супала з праходзячым у гэты дзень на Кіраўшчыне абласным семінарам-нарадай прадстаўнікоў падведамасных арганізацый холдынга “Аграмашсервіс”, якія падчас работы абмяркоўвалі пытанне аб гатоўнасці да ўборкі збожжавых і алейных культур. Яго ўдзельнікі на чале з генеральным дырэктарам холдынга Вячаславам Сасноўскім таксама прысутнічалі на “Зажынках”. Ганаровым гасцям былі ўручаны духмяныя караваі.

Вядучыя свята падкрэслілі, что з даўніх часоў хлеб з’яўляўся знакам дабрабыту любой дзяржавы. Прафесія хлебароба – адна з самых ушанаваных на зямлі. Яны працуюць насуперак непагодзе, уносячы сваёй самаадданасцю важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны.

З прывітальным словам да прысутных свята звярнуўся Вячаслаў Сасноўскі. Ён павіншаваў усіх з “Зажынкамі” – пачаткам адказнага перыяду для аграрыяў, перад якім стаіць важная задача – убраць вырашчаны ўраджай без страт. На Кіраўскай зямлі, адзначыў госць, заўсёды прыемна бываць, у тым ліку і падчас жніва: кіраўчане заўсёды славяцца сваёй высокай арганізаванасцю ў працы, таму займаюць лідзіруючыя пазіцыі на Магілёўшчыне. Вячаслаў Сасноўскі пажадаў прадстаўнікам раёна трымаць працоўный настрой на такім жа ўзроўні, моцнага здароўя і каб не подводзілі хлебаробаў надвор’е і тэхніка.

З даўніх часоў уборка збажыны з палёў была адной з важнейшых падзей для селяніна і суправаджалася многімі абрадамі. Ад ураджаю залежала жыццё сялянскай сям’і на працягу ўсяго года. Нездарма людзі, пытаючыся адзін у аднаго пра жыццё, цікавіліся, ці ўрадзіла жыта. Бо ёсць хлеб – будзе жыццё!.. Культработнікі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, увасобілі народныя традыцыі. Жанчыны з сярпамі ў суправаджэнні зажыначнай песні выйшлі зажынаць збожжа. Першыя сімвалічныя снапы былі ўручаны Галіне Слабоднікавай, Вячаславу Сасноўскаму і дырэктару РАПТЗ Ляонцію Кушавараву, якія высока ўзнялі іх над галовамі, спрыяючы атрыманню багатага ўраджаю.

Не менш знакавы і важны звычай на Беларусі напачатку жніва – прасіць блаславення Божага. Настаяцель прыходу Свята-Косма-Даміянаўскага храма аг.Любонічы айцец Максім прачытаў малітву перад адказнай і напружанай працай і акрапіў святой вадой збожжаўборачную тэхніку, хлебаробаў і ўсіх прысутных.

Затым за штурвалам збожжаўборачнай машыны занялі месца камбайнеры РАПТЗ Андрэй Кісель і Кірыл Гамалін, якія накіравалі тэхніку на першую збожжавую паласу.

У добры час, жніво-2022! Няхай каравай Кіраўшчыны са збажыны новага ўраджаю будзе важкім!

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота Максіма МІКЕШЫНА.                                                                                                                                            

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.