Жніво мабілізоўвае! Хлебаробы КСУП «Чырвоны баец» убіраюць ураджай

Для аграрыяў не бывае легкіх перыядаў на працягу ўсяго каляндарнага года. Але канец ліпеня – час, бадай што, асабліва напружаны і адказны. Гэта пара, калі неабходна сабраць ураджай, у які ўкладваліся сілы і клопаты многіх людзей. Прамарудзіць ніяк нельга!

Сямейны экіпаж у саставе бацькі і сына Аляксандра і Ігара Макаронкаў

У гэтыя дні мабілізаваны жнівом у ліку іншых і хлебаробы КСУП “Чырвоны баец”. Напрыканцы мінулага тыдня мы пабывалі ў сельгасарганізацыі і ўпэўніліся ў рашучасці мясцовых механізатараў, вадзіцеляў, работнікаў збожжатока і многіх іншых.

Асноўныя дзеянні разгарнуліся ў гэты дзень насупраць мехддвара гаспадаркі: тут паспеў рапс, і яго ўборка была арганізавана належным чынам. Тры камбайны айчыннай вытворчасці “разразалі” ўчасткі, абмалочваючы саспелыя расліны і напаўняючы бункеры масланасеннем. Усе экіпажы – правераныя ў рабоце, надзейныя і адказныя.

Вадзіцель Аляксандр Ермалаеў сустрэў 29-е жніво!

– Нарэшце дачакаліся жніва! – з асаблівай асалодай адзначыў адзін з найбольш вопытных камбайнераў “Чырвонага байца” Дзмітрый Аляксееў. – Убіраць ураджай – самае, пэўна, прыемнае ў нашай справе. Усе работы важныя – і ворыва, і сяўба, і апрацоўка пасеваў… Але сабраць тое, што вырасла, – гэта быццам скарб знайсці!..

Камбайнеры Дзяніс Казанцаў і Станіслаў Сенчукоў

Дзмітрый на ўборачных кампаніях ужо тры дзясяткі год. Пачынаў яшчэ на “Ніве”, потым перасеў за руль “Дона”. Цяпер пяты сезон кіруе магутным КЗС. І, як сам падрэслівае, кожнае жніво – непаўторнае і прымушае хвалявацца. Трэці сезон дапамагае яму малады камбайнер Уладзімір Лянкевіч. Пераймае вопыт ад старэйшага таварыша (на верхнім фота).

Выдатна працуюць і іншыя экіпажы. Адзін з іх – сямейны: бацька з сынам Аляксандр і Ігар Макаронкі ужо трэцяе жніво разам. Стараннасцю вылучаюцца таксама Дзяніс Казанцаў са Станіславам Сенчуковым. У хуткім часе далучацца да камбайнераў Валерый Дырыкаў з Аркадзем Цяніцкім.

Старанна працуе на адвозцы масланасення рапсу вадзіцель Юрый Іваніцкі

Дзяжураць каля камбайнаў вопытныя вадзіцелі. На МАЗе адвозіць ад збожжаўборачных машын намалочанае масланасенне Аляксандр Ермалаеў. 28 уборачных кампаній за плячамі ў аднаго з лепшых вадзіцеляў гаспадаркі. Адказна працуюць і яго калегі па цэху Юрый Іваніцкі, Мікалай Аляксееў, Юрый Кітоў.

У 2 смены арганізавана работа ў сушыльнай гаспадарцы. Насенне рапсу яшчэ даволі вільготнае, і яго трэба давесці да ладу. За гэты працэс адказваюць Дзмітрый Малахаў, Юрый Кірэеў, Аляксандр Анісімаў і Аляксандр Навуменка. І ўдзень, і ўначы не сціхаюць рухавікі сушылак. На адной з іх працуе Генадзь Долгі – ён высушвае насенне шматгадовых траў. Старанна працуюць і замацаваныя за збожжатокам вадзіцелі Мікалай Юшкевіч і Іван Рыняк.

Дзмітрый Малахаў кантралюе вільготнасць насення

Для ўсіх, хто заняты на жніве, арганізавана харчаванне. Паклапаціліся ў гаспадарцы і пра тое, каб працаўнікі былі забяспечаны халоднай мінеральнай вадой – спёка не павінна перашкаджаць рабочаму працэсу.

Дарэчы, рапс – не першая культура, якую ўбіраюць у “Чырвоным байцы”. Дагэтуль былі абмалочаны ячменевыя палеткі, якія займалі 43 га. Увосень упершыню паспрабавалі пасеяць ячмень. Эксперымент удаўся на славу: па 55 цэнтнераў з кожнага гектара атрымалі. Налетась вырашылі засеяць культурай ужо 200 га. А сёлета яшчэ трэба абмалаціць 388 га пшаніцы, 469 га трыцікале, 205 га яравога ячменя, і 118 га зернебабовых.

Жніво – безумоўна, адна з важнейшых кампаній для аграрыяў. Але ж ні ўякім разе не забываюцца ў “Чырвоным байцы” і пра корманарыхтоўку. Актыўна працягваюць назапашваць кармы для будучай зімоўкі грамадскага статка. У сянажных траншэях закладзена 8536 т зялёнай масы. 94 т яе – скатана ў рулоны. Практычна выкананы план па папаўненню запасаў сена – яго маецца 560 т. Добрасумленна працуюць на нарыхтоўцы кармоў Ігар Пацыенак, Юрый Манетаў, Аляксей Вайцяшонак, Аляксей Гарбуноў, Віктар Аляксееў, Андрэй Лусковіч  і іншыя.

Яшчэ літаральна некалькі дзён, і распачнецца масавая ўборка збожжавых. Яны даспяваюць, а ўсе, хто працаваў на сёлетні ўраджай, з нецярпеннем чакаюць гэтага часу. Зусім хутка золата хлебнай нівы пасыпіцца ў засекі!

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.