Настаўнік – гэта і выхавальнік, і сябар

Традыцыйна, пачатак кастрычніка азнаменаваны асаблівай урачыстасцю – Днём настаўніка. Значэнне педагогаў для развіцця грамадства неацэнна. Яны дапамагаюць кожнаму з нас уступіць у дарослае жыццё, вучаць павазе, любові да блізкага і Радзімы, вечным каштоўнасцям. Немагчыма не пагадзіцца з думкай, што настаўнікам трэба нарадзіцца. Сапраўдны талент педагога заключаецца ва ўменні перадаць веды, зацікавіць і падрыхтаваць глебу да новых адкрыццяў.

Алеся Котава ў прафесіі больш за 15 год, с 2011-га яна выкладае біялогію і хімію для вучняў СШ №1. Да гэтага працавала ў Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева, а таксама ў адной са школ Мсціслаўскага раёна, адкуль яна родам.
Азы прафесіі Алеся Васільеўна асвойвала падчас навучання ў кузніцы педагагічных кадраў Магілёўшчыны – дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшов
Стаць настаўнікам жанчына марыла з дзяцінства: перад вачамі быў прыклад выкладчыка біялогіі ў школе, дзе вучылася Алеся Котава. “Я захаплялася тым, як паводзіла сябе наша настаўніца з намі, вучнямі, як падносіла тэму. Мне вельмі хацелася быць падобнай на яе, таму я доўга не разважала, і мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення і менавіта на настаўніка біялогіі”, – па­дзялілася ўспамінамі Алеся Васільеўна.
Педагог падкрэсліла, што ёй вельмі падабаецца працаваць і мець зносіны з дзецьмі: “Усе яны розныя, кожны з вучняў – індывідуальнасць, якую хочацца раскрыць. Я лічу, што настаўнік – гэта не толькі той, хто перадае веды, але і той, хто становіцца выхавальнікам і сябрам для сваіх вучняў. Каб былі поспехі і ў прафесіі педагога, і ў навучэнцаў, вельмі важна наладзіць кантакт з дзецьмі, а таксама з іх бацькамі, бо працэс адукацыі, выхавання, развіцця здольнасцей і талентаў павінен быць агульным для ўсіх зацікаўленых”.
Малады педагог Рыма Маслюкова папоўніла калектыў СШ №1 сёлета. Яна таксама выпускніца МДУ імя А.А.Куляшова. Рыма Сяргееўна ўраджэнка суседняга Клічаўскага раёна. Пераддыпломную практыку праходзіла ў гімназіі №3 г.Магілёва, пры размеркаванні абрала Кіраўшчыну, як бліжэйшы раён да сваёй малой радзімы.
У гутарцы з намі яна адзначыла: “Нягледзячы на тое, што маю невялікі прафесійны вопыт, я разумею, што праца з дзецьмі мяне натхняе не спыняцца на дасягнутым, а рухацца далей, разам са сваімі вучнямі развівацца, рабіць новыя адкрыцці і спасцігаць новыя веды, бо быць настаўнікам – гэта значыць вучыць і самому вучыцца на працягу ўсяго жыцця”.
Рыма Маслюкова прызналася, што яе, як маладога спе­цыяліста, добра сустрэлі ў калектыве СШ №1. Старэйшыя калегі добразычлівыя, дапамагаюць арганізоўваць і право­дзіць урокі, падтрымліваюць.
На пытанне – “Як маладому педагогу знайсці падыход да дзяцей?” – Рыма Сяргееўна адказала: “Трэба разумець, што ты таксама быў калісьці дзіцяці, як і твае цяперашнія вучні. Спрабаваць паставіць сябе на іх месца і паглядзець на ўсё, што адбываецца навокал, іх вачамі”.
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка – педагогі Алеся Котава і Рыма Маслюкова пажадалі сваім калегам здароўя, прафесійнага натхнення і невычэрпнай энергіі.
Яўгенія БЯЛЬКО.

На здымку: выкладчыкі біялогіі СШ №1 – малады спецыяліст Рыма Маслюкова і Алеся Котава.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.