Задача дня – уздым зябліва
Пакуль дазваляе надвор’е, аграрыі раёна працягваюць палявыя работы па ўздыме зябліва. Як вядома, дадзены тэхналагічны прыём мае вялікае значэнне: ён дазваляе зменшыць напружанасць падчас веснавых палявых работ, забяспечвае найбольш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы і спрыяе правядзенню веснавой сяўбы сельскагаспадарчых культур у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.
Па стане на ўчарашні дзень працаўнікі КСУП “Чырвоны баец” уздым зябліва забяспечылі на 416 га (67% ад плана).
Да правядзення восеньскага ворыва механізатары сельгаспрадпрыемства падыходзяць з адказнасцю, бо разумеюць, што своечасова праведзены тэхналагічны прыём дазволіць не толькі захаваць вільгаць у глебе, а і значна стрымаць рост пустазелля. Работы вядуцца з раніцы і да позняга вечара.
Так, на ўздыме зябліва задзейнічаны Аляксандр Макаронак (на верхнім фота) і Яўген Кандраценка. Яны – вопытныя і адказныя працаўнікі, таму паспяваюць выконваць і нават перавыконваць даведзеныя нормы.
Мясцовыя аграрыі разлічваюць правесці ўздым зябліва на максімальнай колькасці плошчаў. Умовы для гэтага ёсць: тэхніка, паліва і адказныя кадры. Застаецца належным чынам увосень пашчыраваць на палетках, каб вясною максімальна хутка правесці яравую сяўбу і атрымаць важкі ўраджай сельгаскультур.
Фота Аляксандра ХАХЛОВА.