Калектыў СШ №1 не застаўся ў баку ад правядзення акцыі «Ад усёй душы»

Завяршылася рэспубліканская дабрачынная акцыя для пажылых “Ад усёй душы”, не застаўся ў баку ад удзелу ў якой і калектыў СШ №1. Аб гэтым расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце установы адукацыі Любоў Маркевіч.

Вучні наведвалі людзей пажылога ўзросту, дапамагалі ім у барацьбе са снегам, віншавалі з Новым годам і Калядамі, проста аказвалі ўвагу.
Падчас круглага стала “Як маладыя мы былі” дзесяцікласнікі і выхаванцы аб’яднання па інта­рэсах “Абаронца Айчыны” сустрэліся з ветэранам педагагічнай працы Нінай Рыгораўнай Браусавай, якая з гонарам расказала пра свой выбар прафесіі, студэнцкія і працоўныя гады.
Цікавай была і размова за кубкам чаю “Сустрэча старэйшага і маладога пакаленняў”, падчас якой вучні сустрэліся з Андрэем Мікітавічам Падаляком, сведкам спальвання вёскі Казулічы, і ў чарговы раз у яго асобе падзякавалі старэйшаму пакаленню за тое, што яны выстаялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перамаглі і далі магчымасць усім наступным пакаленням жыць пад мірным небам. Сустрэча была надзвычай цёплай і змястоўнай. Андрэй Мікітавіч падзяліўся ўспамінамі пра страшныя дні вайны, пра барацьбу ўсяго беларускага народа і адзначыў, што будучыня краіны залежыць ад узроўню выхаванасці сённяшняй моладзі, а аповед сведкаў даказвае праў­дзівасць нашай гісторыі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.