На Кіраўшчыне праходзіць раённы этап конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”

Сёння ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стартаваў другі – раённы – этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Яго асноўная мэта – выяўленне таленавітых, творчых педагогаў, распаўсюджванне іх вопыту работы, падтрымка інавацыйнага руху, пашырэнне прафесійных кантактаў.

Сёлета за званне “Настаўнік года” змагаюцца 9 педагогаў Кіраўшчыны: Таццяна Косцева, настаўнік хіміі СШ № 2 імя К.П.Арлоўскага; Святлана Макаронак, настаўнік нямецкай мовы СШ №1; Анастасія Рамановіч, настаўнік пачатковых класаў Чыгірынскай СШ; Марыя Рудакова, настаўнік біялогіі Жыліцкай СШ; Аксана Цітова, настаўнік англійскай мовы Мышкавіцкай СШ; Максім Хамічэнка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Баравіцкай СШ; Надзея Бяляўская, выхавацель дзіцячага сада №1; Наталля Ганчаронак, выхавацель дзіцячага сада №2; Юліяна Назарава, настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

На працягу тыдня канкурсантам прадстаіць прайсці этапы самапрэзентацыі; публічнага выступлення па тэме “Выхаваць чалавека…”; тэсціраванне з мэтай праверкі ведаў у галіне выкладаемага вучэбнага прадмета, педагогікі і псіхалогіі; правесці адкрыты ўрок альбо занятак у незнаёмым класе ці групе; арганізаваць майстар-клас для калег. Па рэзультатах творчага спаборніцтва журы вызначыць пераможцаў.

Жадаем усім удачы!

Яўгенія БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.