У ААТ «Дабаснянскае» ўрачыста праводзілі на заслужаны адпачынак адных з лепшых работнікаў

У мінулую пятніцу ў ААТ “Дабаснянскае” адбылося ўрачыстае ўшанаванне адных з лепшых работнікаў гаспадаркі, якія адпрацаваўшы не адзін дзясятак год, вырашылі пайсці на заслужаны адпачынак. Віноўніцамі ўрачыстасці сталі начальнік сельскагаспадарчага ўчастка МТФ “Дабрыца” Таццяна Маслава і галоўны эканаміст сельгаставарыства Марыя Пузевіч.

Са словамі падзякі да жанчын звярнуўся дырэктар ААТ “Дабаснянскае” Аляксандр Вербінаў. Ён адзначыў, што Таццяна Сямёнаўна і Марыя Канстанцінаўна – з кагорты тых працаўнікоў, на якіх без перабольшвання трымаецца гаспадарка, паступова ідзе яе развіццё. Гэта людзі з вялікім жыццёвым вопытам, з пачуццём высокай адказнасці за даручаную справу, якія за сваю шматгадовую добрасумленную працу заслужылі павагу і падзяку калег. Кіраўнік падзякаваў ім за адданасць сваёй справе і ўручыў кветкі і каштоўныя падарункі.

Ад імя ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама віншаванні з выхадам на адпачынак Таццяне Маславай і Марыі Пузевіч адрасавала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Антаніна Смятана. Яна адзначыла высокі ўклад жанчын у справу развіцця сельскай гаспадаркі Кіраўшчыны і ў прыватнасці ААТ “Дабаснянскае”. Антаніна Сяргееўна пажадала ім бадзёрасці духу і з карысцю праводзіць свой вольны час. Аднак, прадстаўнік райсельгасхарчу прапанавала Таццяне Сямёнаўне і Марыі Канстанцінаўне абавязкова дзяліцца сваім бясцэнным вопытам з маладымі калегамі. Абедзвюм жанчынам былі ўручаны Ганаровыя граматы ўпраўлення райсельгасхарчу за шматгадовую добрасумленную працу і кветкі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Антаніна Смятана адрасавала Марыі Пузевіч, якую назвала настаўнікам многіх работнікаў эканамічнай сферы раёна. 

Ганаровую місію па ўшанаванні працаўніц гаспадаркі выканаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер: Таццяна Маслава была ўзнагароджана нагрудным знакам “За добрасумленную працу”, Марыі Пузевіч уручана Падзяка райкама прафсаюза. Віктар Паўлавіч адзначыў бездакорную працу жанчын, іх надзейнасць і адданасць сваёй справе.     

+У працоўнай кніжцы Таццяны Маславай адзіны запіс аб прыняцці на работу загадчыцай жывёлагадоўчай фермы тагачаснага калгаса “Камуніст”, потым толькі ўносіліся карэктывы аб змене назвы гаспадаркі.

Маладзенькай 19-гадовай дзяўчынай, пасля заканчэння Клімавіцкага саўгаса-тэхнікума, прыйшла яна па размеркаванні ў калгас “Камуніст”. Кіраўніцтва адразу запрыкмеціла ў ёй лідарскія якасці і ўменне працаваць з людзьмі, таму і было прынята рашэнне паставіць яе кіраваць адным з няпростых участкаў – загадваць фермай. Сялянскай працы Таццяна Сямёнаўна ніколі не баялася: нарадзілася і вырасла ў в.Капусціна, бацькі трымалі вялікую хатнюю гаспадарку, дзяўчына ім заўсёды дапамагала, ды і гады вучобы ў саўгасе-тэхнікуме навучылі не палохацца няпростай працы ў сельскай гаспадарцы.

Таццяна Сямёнаўна ўспамінае, што спачатку вельмі баялася, што не атрымаецца, што не зможа наладзіць работу вялізнага калектыву, што да яе, зусім яшчэ маладой і нявопытнай, не будуць прыслухоўвацца. Але гэтая няўпэўненасць даволі хутка ператварылася ў вялікае жаданне працаваць так, каб калектыў фермы быў у ліку лепшых. І свайго малады спецыяліст дабілася! Гэтую высокую планку калектыў МТФ “Дабрыца” трымае і дагэтуль.  

Несумненна, працу ў сельскай гаспадарцы нельга назваць лёгкай, але калі чалавек як кажуць “ёю жыве”, калі імкнецца рабіць усё з поўнай самааддачай, то і вынікі адпаведныя. У скарбонцы Таццяны Сямёнаўны шмат грамат і падзяк розных узроўняў, у яе адрас заўсёды гучалі словы падзякі ад кіраўніцтва.

Дзень за днём, год за годам праляцелі 44 гады працоўнага жыцця, і ўвесь час на адным месцы – МТФ “Дабрыца”. Азіраючыся ў мінулае, Таццяна Маслава адзначае, што напэўна так хутка і непрыкметна праляцелі гады таму, што справа, якой займалася, была любімай. Па словах жанчыны, калі б была магчымасць штосьці памяняць у сваім жыцці, яна б пакінула ўсё так, як адбылося. На памяць ёй застануцца самыя цёплыя ўспаміны аб рабоце даўжынёю ў 44 гады…

Жыхарка г.Масты Гродненскай вобласці Марыя Пузевіч на Кіраўшчыну прыехала ўслед за мужам, якога размеркавалі ў калгас “Камуніст” у 1986 годзе. На той момант яна атрымала спецыяльнасць эканаміста ў Беларускім ордэна Працоўнага Чырвонага Знамені політэхнічным інстытуце. Гараджанам Пузевічам настолькі спадабаліся мясцовыя краявіды і людзі, якія тут жылі, што пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі яны вырашылі застацца тут. 

Пачынала свой працоўны шлях Марыя Канстанцінаўна ў калгасе “Камуніст” юрысконсультам, а ў 1990 годзе заняла пасаду галоўнага эканаміста гаспадаркі. І з той пары праз яе рукі прайшлі сотні справаздач, тысячы лічбаў, ад якіх залежала стабільная работа сельгасарганізацыі. Варта адзначыць, што кіраўніцтва не хвалявалася, калі лічбы і дакументы былі правераны Марыяй Канстанцінаўнай. Гэты давер жанчына заўсёды апраўдвала. Калі прыйшоў час выходзіць на заслужаны адпачынак, ёй прапанавалі яшчэ папрацаваць на карысць гаспадаркі, і жанчына пагадзілася, бо любіла сваю справу і не ўяўляла сябе асобна ад калег. Пакуль былі сілы, яна нават і не думала пра спакой, аднак, зараз вырашыла, што надыйшоў час даць дарогу маладым.

Па словах Марыі Канстанцінаўны, у іх сельгаставарыстве працуе дастойная моладзь, разумная, працалюбівая і адказная, многіх толькі неабходна падтрымаць добрым словам, даць параду, дапамагчы справай. Жанчына адзначыла, што калі будзе неабходнасць і дазволіцб здароўе, то заўсёды знойдзе час, каб падзяліцца сваім вопытам, дапамагчы маладым калегам.

Падчас урачыстага ўшанавання акрамя ўсяго сказанага былі і слёзы чуласці, бо ў глыбіні душы вельмі цяжка жанчынам зразумець, што так хутка праляцелі працоўныя гады і надыйшла пара сказаць калегам “да пабачэння”, і радасць ад таго, што новы этап жыцця дазволіць прысвяціць больш часу сабе і сваім родным.

Людміла СЯМЁНАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.