Свята памяці і гонару!

9 Мая – асаблівы дзень у гісторыі нашай краіны. Кожны год гэтае свята становіцца значнай падзеяй для ўсіх беларусаў. 2025 год азнаменаваны слаўным юбілеем – 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Жыхары Кіраўшчыны разам з усёй краінай далучыліся да маштабнага святкавання Дня Перамогі. Шматлікія мерапрыемствы сталі падставай узгадаць слаўныя старонкі мінулага і аддаць даніну павагі нашым дзядам і прадзедам, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам.

Мітынг памяці

Святочная раніца ў Кіраўску пачалася з традыцыйнага мітынгу-рэквіема «Гэтых дзён не змоўкне слава!». Старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец і прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь ушанавалі памяць герояў-пераможцаў мінутай маўчання, усклалі кветкі памяці да брацкай магілы па вуліцы Гагарына. З асаблівай цеплынёй і трапятаннем у душы, з удзячнасцю ўспомнілі кіраўчане пакаленне пераможцаў.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу, Галіна Слабоднікава адзначыла: «Вялікая Перамога – свяшчэнная! Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне – наш шчыт. Трымаць яго ў сваіх руках – вялікі гонар і адказнасць. І нам трэба пра гэта памятаць».
Група вучняў школ раёна дала абяцанне: «У нашых сэрцах – імёны герояў, якія аддалі сваё жыццё за наша будучае. Ніколі не забудзем мы тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, заваяваў свабоду і шчасце для будучых пакаленняў. Мы – будучыя абаронцы Айчыны – абяцаем быць годнымі нашай вялікай Радзімы!».



Традыцыйная народная песня аб’ядноўвае сэрцы
Яркім завяршэннем святочнага дня стала традыцыйная акцыя «Праспяваем «Дзень Перамогі» разам!», у якой прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, дэпутаты, жыхары і госці Кіраўшчыны – ад мала да вяліка. Пад залпы феерверка сотні галасоў аб’ядналіся ў адзін, ператварыўшыся ў магутны сімвал адзінства народа, сувязі часоў і пераемнасці пакаленняў.
У Кіраўскім раёне ўрачыстае святкаванне 80-годдзя Вялікай Перамогі стала сапраўдным святам народнай салідарнасці, гістарычнай свядомасці і падзякі героям, якія падарылі нам светлую будучыню.
Подробно в номере № 37 (10659).
Яўгенія БЯЛЬКО.