За моладдзю – будучае!

Маладосць – выдатная пара ў жыцці кожнага чалавека. Гэта час станаўлення асобы, пошукаў і адкрыццяў, сяброўства і рамантыкі, смелых ідэй і планаў. Гэта гады рамантызму і шчырай захопленасці, пошуку ідэалаў і свайго месца ў жыцці. Моладзь – наша сіла, наша апора, наша будучыня!
Мы жывём у XXI стагоддзі, ва ўмовах пастаяннай зменлівасці, калі інавацыйнасць і крэатыўнасць становяцца ключом да паспяховага развіцця грамадства. Менавіта моладзь, запатрабаваная ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, гатовая рызыкаваць, прапаноўваць і рэалізоўваць уласныя неардынарныя рашэнні, будзе вызначаць паспяховае развіццё нашага раёна і краіны ў цэлым.
Гонар Кіраўшчыны – залатыя медалісты 2024 года. Атрыманне залатога медаля – гэта вынік упартасці, працавітасці і выдатных поспехаў у вучобе.

Уладзіслаў ГАЎРЫЛАЎ, СШ №2 г.Кіраўска імя К.П.Арлоўскага
Падчас вучобы Уладзіслаў дэманстраваў высокія інтэлектуальныя здольнасці, адказнае стаўленне да засваення вучэбных праграм. Мэтанакіраваны, творчы юнак. Гэтыя якасці дапамаглі Уладзіславу стаць пераможцам абласнога конкурсу работ даследчага характару па геаграфіі, раённай прадметнай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўю, пераможцам і прызёрам абласных спартыўных спаборніцтваў, прызёрам раённай алімпіяды па фінансавай граматнасці, раённага конкурсу “Школа бяспекі-2024”. Актыўны ўдзельнік раённых грамадска-масавых мерапрыемстваў.
Пазітыўны, таварыскі, пастаянна працуе над пашырэннем свайго кругагляду.

Аляксандр ГУР’ЯНАЎ, Мышкавіцкая СШ
Вучань, які з вялікім інтарэсам займаўся ва ўстанове адукацыі па ўсіх прадметах, але асабліва захапляўся фізікай. Наведваў дадтковыя заняткі, займаўся самаадукацыяй. І сваю будучую прафесію плануе цесным чынам звязаць менавіта з фізікай. Марыць стаць спецыялістам у галіне камп’ютарнай інжынерыі.
Юнак – рознабаковая асоба. З захапленнем чытае энцыклапедычную літаратуру. Удзельнічаў у фінале вядомага тэлепраекта “Я ведаю”.
Адно з яго хобі – музыка: Аляксандр сам піша словы для песен, іграе на гітары.
У хлопца таксама вялікі спартыўны патэнцыял. Актыўна ўдзельнічаў у спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўняў, займаў прызавыя месцы.

Віталіна ДЗЯШКОВІЧ, СШ №2 г.Кіраўска імя К.П.Арлоўскага
Віталіна – камунікабельная, добразычлівая, творчая. Фіналіст алімпіяды “Экалагічная бяспека” сярод вучняў 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, прызёр раённых прадметных алімпіяд па беларускай мове і біялогіі, абласнога конкурсу сачыненняў-разважанняў на тэму “Радзіма, сям’я, каханне – сэнсавыя каштоўнасці жыцця”, пераможца раённай алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасці”.
Прынцыповая, дакладна абазначае сваю грамадзянскую пазіцыю, самастойная і адказная ў прыняцці рашэнняў.

Анастасія ПРУСЯНКОВА, СШ №2 г.Кіраўска імя К.П.Арлоўскага
Анастасія – дзяўчына высокіх інтэлектуальных здольнасцяў, творчая.
Пераможца IX міжнародных тураўскіх чытанняў, раённай алімпіяды па грамадазнаўстве, прызёр абласнога конкурсу сачыненняў-разважанняў на тэму “Радзіма, сям’я, любоў – сэнсавыя каштоўнасці жыцця”, конкурсу сачыненняў “Знайсці сваё прызнанне ў прафесіі”, дыпламант IV міжрэгіянальнага літаратурнага конкурсу “Браслаўская мясціна-2023”.
Анастасія Прусянкова – пазітыўная, шчырая, мэтанакіраваная асоба, любіць сваю Радзіму. Вызначальнымі рысамі яе характару з’яўляюцца адказнасць, пачуццё таварыскасці, дакладнасць і акуратнасць ў справах.

Святаслаў СТЭЛЬМАХ, Мышкавіцкая СШ
Зарэкамендаваў сябе як адказны малады чалавек. Актыўная жыццёвая пазіцыя, прынцыповасць і мэтанакіраванасць, уменне аналізаваць дазваляюць яму дасягаць пастаўленых мэтаў. Святаслаў мае ярка выяўленую грамадзянскую пазіцыю, карыстаецца аўтарытэтам сярод сяброў і знаёмых.
Акрамя вучобы, юнак захапляецца ігрой на гітары і камп’ютарнымі гульнямі. Далёка Святаслаў не загадвае, але на бліжэйшую перспектыву планы ёсць – паступіць у БДУ на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій на спецыяльнасць кібербяспека. У будучым плануе стаць добрым спецыялістам у гэтай сферы, уладкавацца на працу, чым прыносіць карысць сабе, сваёй сям’і і Радзіме.