Пад сцягамроднай краіны…

Адказна і добрасумленна ўбіраюць хлеб з палеткаў працаўнікі ААТ “Дабаснянскае”. У гэтым мы ўпэўніліся на свае вочы, пабываўшы ў мінулы чацвер на палетках у раёне вёскі Пясцова. Пяць збожжаўборачных камбайнаў плылі па хлебнай ніве – убіралі азімае жыта, якое ў гаспадарцы займае 161 гектар. Над кожнай збожжаўборачнай машынай лунаў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Механізатар Канстанцін Бязумаў адзначыў, што ідэя ўпрыгожыць сельгастэхніку дзяржаўнай сімволікай узнікла ў кагосьці з калег. Механізатарскі атрад яе дружна падхапіў: “Убіраць хлеб з палеткаў, калі над табой лунае сцяг роднай краіны, – сапраўднае задавальненне! Падбадзёрвае настрой! Хлеб – наша багацце, дабрабыт краіны!”. Сказаўшы гэта, камбайнер шпарка заскочыў у кабіну і хутчэй у поле!..

Ход уборачных работ кантралявалі дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Вербінаў і галоўны аграном Андрэй Голубеў. Тут жа дзяжурыў вадзіцель Мікалай Новікаў на спецыяльным аўтамабілі для падачы вады.
Сёлета на жніве ў гаспадарцы задзейнічана пяць збожжаўборачных экіпажаў у саставе Алега Сосава і Аляксандра Ясяніцкага, Васіля Ясяніцкага і Дзмітрыя Асташова, Аляксандра Міхлюка і Джанелі Джыкіа, Міхаіла Куляновіча і Канстанціна Бязумава, Івана Зубава і Аляксея Дзмітрыева. Да слова, экіпаж Васіля Ясяніцкага і Дзмітрыя Асташова шчыруе на новым збожжаўборачным камбайне вытворчасці ААТ “Гомсельмаш”, які яны атрымалі напрыканцы леташняга жніва і сёлета абкатваюць па поўнай. Іван Зубаў за штурвалам збожжаўборачнай тэхнікі ні многа ні мала – больш за 40 гадоў! Хлебаробскую справу ведае дасканала, любіць яе і з павагай ставіцца да хлебнай нівы.
Наогул усе збожжаўборачныя экіпажы ў “Дабаснянскім” – вопытныя, хлебаробскімі сцежкамі прайшлі не адзін сезон. Як адзначыў Андрэй Голубеў, падчас сёлетняй уборачнай іх вопыт і ўменне вар’іраваць на жытнёвым полі дапамагаюць убіраць збожжа з мінімальнымі стратамі. “Нашы палеткі крыху пакутуюць ад непагоды, – расказаў Андрэй Аляксандравіч. – З-за дажджоў і моцных вятроў ёсць участкі з палегласцямі, да таго ж не ўсюды можа прайсці магутная сельскагаспадарчая тэхніка – гразне. Палеткі з палегласцямі стараемся ўбіраць у першую чаргу, але не выпускаем з віду і іншыя ўчасткі”.
Клін збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарцы складае крыху больш за 1400 гектараў. На момант нашага прыезду ўборачная кампанія тут перакрочыла экватар. Надвор’е ўносіць у працэс свае карэктывы. “Кожны камбайн працуе на сваім участку, – працягнуў размову Андрэй Голубеў. – Мы кантралюем якасць уборкі: вышыню зрэзу, страты… Ды і механізатары самі сочаць за працэсам, пераправяраюць, уважліва назіраюць за якасцю жніва. Кожны з іх з сумленнем ставіцца да жніва, бо ўсе дакладна разумеюць: ад якасці работы залежаць і наш уклад у агульны каравай намалотаў, і асабісты заробак”.
На адвозцы збожжа задзейнічаны чатыры аўтамабілі. На адным з іх шчыруе Мікалай Асташоў з амаль 30-гадовым стажам работніка ў галіне сельскай гаспадаркі. Ён расказвае: “Вадзіцелі з машынамі, занятымі на адвозцы, звычайна стаяць на краі поля. Мы ўважліва сочым за камбайнамі. Як толькі бункеры напаўняюцца, спрацоўваюць мігалкі – сігнал для нас, што час пад’язджаць для выгрузкі збожжа. Хуценька імчымся туды, каб камбайны не прастойвалі ні хвіліны. Як толькі кузавы нашых грузавікоў напаўняюцца, вязём намалот на збожжаток. У гэтай справе я ўжо шмат гадоў. Добра, што надзейны памочнік – мой грузавічок САЗ 3507 не падводзіць!”
Аўтамабілю, на якім працуе Мікалай Леанідавіч, 37 гадоў. Вадзіцель яго добра даглядае, клапоціцца, каб падчас адказнай уборачнай пары не было збояў.
Жніво-2024 працягваецца!
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.