Удзячнасць зямлі за клопат

На Кіраўшчыне працягваецца ўшанаванне лідараў Жніва-2024. З ходам уборачнай кампаніі
іх становіцца ўсё больш і больш.
Ва ўрачыстым ушанаванні збожжаўборачных экіпажаў і вадзіцеляў сельгасфіліяла “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” прынялі ўдзел першы намеснік старшыні –
начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Дарожкін, кіраўніцтва Рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” у асобе дырэктара Аляксандра Несцерава і намесніка дырэктара па аптовым гандлі і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні
Руслана Лаўранкова.

Пяць гомсельмашаўскіх збожжаўборачных камбайнаў і тры грузавыя аўтамабілі МАЗ выстраіліся на хлебнай ніве, а перад імі – хлебаробы: механізатары, вадзіцелі, галоўны аграном Юрый Смятана, галоўны інжынер-механік Васіль Шаболда начале з кіраўніком сельгасфіліяла Ігарам Кузняцовым.
Звяртаючыся да аграрыяў, Аляксандр Несцераў адзначыў: “Сялянская праца – самая напружаная. Гонар і хвала вам за тое, што ў гэтыя спякотныя ва ўсіх сэнсах дні вы ад світання да заходу шчыруеце ў полі. Ваша добрасумленнае стаўленне да працы адлюстроўваецца ў багатых намалотах”.
Дыпломамі, падарункамі і сертыфікатамі РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” ён узнагародзіў механізатараў Сяргея Чорнага, Анатоля Кузьміна, Аляксандра Смалоўскага, Сяргея Фірагіна і Сяргея Брэндзікава. Падзяку за працу атрымалі вадзіцелі-тысячнікі – Сяргей Іванчыкаў, якому вопыту ў хлебаробскай справе не займаць, і малады ўдзельнік жніва Артур Маслаў.
Сяргей Дарожкін падкрэсліў, што па стане на аўторак, 30 ліпеня, у сельгасфіліяле было абмалочана каля 80% пасяўных плошчаў (па стане на 1 жніўня – 82%) – гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў сярод сельгасарганізацый раёна. У засекі ўжо было засыпана больш за 3 тысячы тон збожжа, што амаль на тысячу больш леташняга. Ад імя райвыканкама і сябе асабіста Сяргей Анатольевіч падзякаваў аграрыям за добрасумленную працу, укладзеную ва ўраджай гэтага года, пажадаў ім далейшых поспехаў. Падарункамі ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама былі адзначаны старшыя камбайнеры экіпажаў, якія першымі ў гаспадарцы перакрочылі мяжу ў тысячу тон намалоту, – Сяргей Чорны і Анатоль Кузьмін.

Да хлебаробаў звярнуўся Ігар Кузняцоў: “Сёлета мы вырасцілі неблагі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. Добра, што нашы палеткі абыйшла бокам непагадзь. Дажджы і вятры не нанеслі палеткам асаблівай шкоды. Нас радуюць высокая ўраджайнасць, неблагія намалоты, і ў гэтым ёсць і ваша заслуга. Працуеце зладжана, якасна, на агульны вынік, прымнажаючы дабрабыт гаспадаркі і забяспечваючы харчовую бяспеку краіны. Уборачная кампанія яшчэ не завершана, але па прамежкавых выніках ужо бачна, што сёлета наш сельгасфіліял унясе дастойны ўклад у агульны каравай: раённы, абласны і рэспубліканскі. Дзякуй за ўсебаковую падтрымку і садзейнічанне галаўному прадпрыемству, кіраўніцтву раёна і, вядома ж, зямлі-карміцельцы, на якую нам грэх крыўдзіцца: за належныя клопат і догляд, гаспадарскае стаўленне яна плаціць узаемнасцю”.

На развітанне Аляксандр Несцераў моцна па-мужчынску паціснуў руку кожнаму працаўніку хлебнай нівы. Механізатары і вадзіцелі, не прамаруджваючы часу, занялі свае месцы за штурваламі і рушылі ў поле, дзе іх чакалі спелыя, налітыя сонцам каласы жыта.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.