Темы

Ураджай наступнага года закладваецца сёння

Ураджай наступнага года закладваецца сёння

Шырокі комплекс восеньскіх палявых работ праводзяць аграрыі КСУП “Чырвоны баец”. Механізатар Аляксандр Сіндараў (на фота) зараз заняты на ворыве глебы.

Надыходзячая восень па зводках сіноптыкаў абяцае быць цёплай і надзвычай прыгожай, болей падобнай да зацягнутага лета. А зараз надвор’е прыемна радуе сонцам і дае магчымасць вяскоўцам спакойна ўбраць з палеткаў вырашчаны ўраджай, правесці ўвесь неабходны комплекс палявых работ. Хутка для зямлі-карміцелькі наступіць адпачынак, у час якога яна будзе набірацца сіл для новых ураджаяў.

Асноўны клопат зараз – уборка саломы з палёў, ворыва і падрыхтоўка глебы, сяўба азімых культур, а таксама нарыхтоўка кармавой базы для сытнай зімоўкі грамадскага статка. Таму кіраўніцтва і працаўнікі сельгасарганізацый раёна не заспакойваюцца: работы працягваюцца…
У мінулы аўторак журналіст раёнкі наведаўся ў КСУП “Чырвоны баец”, каб пацікавіцца ходам восеньскіх палявых работ.

– Палявыя работы ў гаспадарцы імкнемся праводзіць шырокім фронтам, адзначыў дырэктар КСУП “Чырвоны баец” Сяргей Лянкевіч. – У лепшыя агратэхнічныя тэрміны правялі сяўбу азімага рапсу, які заняў плошчу ў 360 га. Падчас сёлетняй уборачнай гэтая маслічная культура парадавала нас важкімі намалотамі: з кожнага гектара ў сярэднім атрымалі па 29 ц. Таму і ў цяперашнюю сяўбу паклапаціліся пра будучы ўраджай: унеслі неабходныя ўгнаенні, добра падрыхтавалі глебу, выкарысталі якасны насенны матэрыял.

Яўген Марцючэнка

Сяўбу азімага рапсу правёў Яўген Марцючэнка, перадпасяўную апрацоўку глебы – Аляксандр Макаронак, які зараз заняты на дыскаванні. Выкарыстанне магутнай энерганасычанай тэхнікі і 9-мятровай сеялкі айчыннай вытворчасці дазволіла правесці работы за максімальна кароткі перыяд. Да таго ж, па словах кіраўніка сельгасарганізацыі, Яўген Марцючэнка шчыруе на палетках, не лічачыся з уласным часам: невялікі прыпынак толькі на абед ці вячэру. Зараз ён заняты на ўзворванні глебы, разам з калегамі-механізатарамі рыхтуе яе пад сяўбу азімых збожжавых.
Аляксандр Сіндараў ужо правёў хімічную апрацоўку пасеваў азімага рапсу ад пустазелля. Дарэчы, Аляксандр Міхайлавіч штогод займаецца хімічнай апрацоўкай раслін ад пустазелля і шкоднікаў, праводзіць работы па іх падкормцы. Кіраўніцтва вельмі задаволена яго адказнасцю і добрасумленным стаўленнем да даручанай справы. Зараз механізатар займаецца ворывам.

Сяргей Барадзін

– Наперадзе – не менш важны перыяд – сяўба азімых збожжавых, – адзначыў Сяргей Лянкевіч. – Імкнемся пастаянна праводзіць гатункаабнаўленне насеннага матэрыялу. Вось і сёлета паклапаціліся пра якаснае насенне: набылі зерне эліты і іншых рэпрадукцый збожжавых культур. Усё яно праверана на ўсходжасць, правялі комплекс работ па пратручванні. Галоўнае зараз – якасна падрыхтаваць глебу і пакласці зярняты ў яе ў лепшы перыяд.
Усяго азімы збожжавы клін на зерне складзе 930 га, большую частку плануюць адвесці пад азімы ячмень – 350 га.

Не прыпыняюцца работы на прэсаванні саломы, якая адвозіцца да месцаў скла­дзіравання. На прэсаванні саломы задзейнічаны Сяргей Бяляўскі, Аляксей Масюковіч і Віктар Аляксееў. На пагрузцы і адвозцы саломы шчыруе Сяргей Барадзін. На вызваленыя палеткі адразу выходзяць трактары з глебаапрацоўчымі агрэгатамі.

Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства, работа раслінаводчай галіны нацэлена на забеспячэнне грамадскага статка якаснай кармавой базай.

Прыступілі мясцовыя аграрыі да ўборкі на сілас кукурузы, якая сёлета займае 580 га. Першая тысяча тон сіласу ўжо даходзіць да неабходнай кандыцыі ў траншэі. Спрыяльныя ўмовы надвор’я і захаванне агратэхналогіі дазволілі атрымаць важкі ўраджай царыцы палёў: выхад зялёнай масы з кожнага гектара складае ў сярэднім па 380 цэтнераў. Аднак, ўсталявалася спякотнае надвор’е, якое не лепшым чынам адбіваецца на зялёнай масе: кукуруза пачала засыхаць.

Кіраўніцтва “Чырвонага байца” імкнецца матэрыяльна зацікавіць механізатараў за якасныя адносіны да даручанай справы, а таксама стварыць для іх належныя ўмовы працы і адпачынку. Усе ўдзельнікі палявых работ забяспечаны гарачымі абедамі, спецвопраткай. З мэтай павышэння кваліфікацыі кадры праходзяць дадатковае навучанне, прычым за сродкі гаспадаркі.

У апошнія жнівеньскія дні горача не толькі ў паветры, гарачая пара працягваецца і на палетках сельгасарганізацый: шырокі комплекс работ прыспешвае аграрыяў максімальна актывізавацца, каб закласці добры падмурак пад будучы ўраджай.

Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость