Якасны сілас – залог вялікага малака

На палетках сельгасарганізацый раёна поўным ходам ідзе ўборка кукурузы на сілас. У мінулую пятніцу карэспандэнт раённай газеты пабываў у СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”, каб даведацца, як у сельгасфіліяле наладжаны працэс уборкі і закладкі сакавітай кукурузнай масы, як праводзіцца комплекс іншых палявых работ.
Варта адзначыць, што царыца палёў на мясцовых палетках сёлета радуе вока: месцамі вышыня раслін дасягае 2,5 метра, а густая кукурузная сцяна дае ўраджайнасць пры ўборцы па
370–380 ц/га сіласнай масы.
У чым жа сакрэт добрай ураджайнасці? Аб гэтым расказаў галоўны аграном СГФ “Чыгірынка” Юрый Смятана:
– У гэтым годзе лета з дастатковай колькасцю дажджоў у першай палове было на карысць кукурузе. Станоўча паўплывала на яе рост выкарыстанне якаснага насення, мы пасеялі некалькі гатункаў гібрыдаў, строга захоўвалі тэхналогію пры сяўбе, унясенні поўнага комплексу ўгнаенняў, а таксама паклапаціліся пра належны догляд за раслінамі.
Усяго ж на палетках сельгаскультура займае плошчу ў 950 га, з якіх на 625 га яна будзе ўбрана на зялёны корм і на 325 га – на зерне.
Уборку кукурузы на сілас пачалі, калі яна дасягнула неабходнай кандыцыі, каб стаць добрай кармавой базай для грамадскага статка. Важна, каб якасны корм паспрыяў павелічэнню надояў і прываг БРЖ.
Уборка кукурузы вялася ў раёне Нямкоў, паблізу з гэтым жа населеным пунктам размяшчаецца і вялізная сіласная траншэя.
Нарыхтоўвалі масу з дапамогай аднаго КВК, на якім працуе Дзмітрый Конюхаў. Задзейнічаны на ўборцы зялёнай масы і Сяргей Чорны. Калі невялікая адлегласць ад месца закладкі сіласу, то на адвозцы выкарыстоўваюць 3-4 адзінкі тэхнікі. Працэс ідзе без збояў, работы вядуцца ўвесь светлавы дзень.
Адказна працуюць механізатары і вадзіцелі на адвозцы. Кожны разумее, што аб’ёмы работ значныя і прахалоджвацца няма часу. Старанна працуюць Сяргей Брэндзікаў, Мікалай Казакоў, Міхаіл Вараб’ёў і Дзмітрый Мелехаў.
Увага надаецца якаснай трамбоўцы. Таму механізатары Віктар Каліноўскі і Сяргей Фірагін з адказнасцю ставяцца да даручанай справы, разумеюць, што ў іх руках – праца ўсёй агранамічнай службы сельгасфіліяла з ранняй вясны і да восені.

Па словах Юрыя Смятаны, вырошчванне кукурузы – справа працаёмкая, але без гэтых сакавітых кармоў на важкія надоі разлічваць не даводзіцца. Штогод чыгірынцы робяць стаўку на нарыхтоўку кармоў з запасам. Вось і сёлета тое, што засталося з мінулай корманарыхтоўчай кампаніі, рэалізу-
юць, а свежыя – закладваюць.

Нягледзячы на важнасць правядзення ўборкі кукурузы, не застаецца па-за ўвагай сяўба азімых культур. На палетках ужо там-сям радуе маладой зелянінай азімы рапс, які раскінуўся на 160 га. Пасеялі ўкоснае жыта ў сумясі з вікай на зялёны корм для БРЖ. На чарзе – азімы трыцікале, азімы ячмень і азімае жыта – усяго 1040 га.
Усю салому з палеткаў аператыўна звезлі, каб даць магчымасць праводзіць ворыва і падрыхтоўку глебы. Для таго, каб правесці сяўбу азімых у максімальна спрыяльныя тэрміны на ворыве задзейнічана 3 адзінкі тэхнікі, на адным трактары механізатары працуюць круг-
лыя суткі пазменна. Стараннасцю ў даручанай справе вызначаюцца Сяргей Глушакоў і Анатоль Свіркоў.
Для ўсіх, хто праводзіць свой дзень на палетках, арганізавана гарачае харчаванне. За старанную і своечасова праведзеную работу механізатары атрымліваюць добрыя заробкі.
Мясцовыя аграрыі нацэлены на атрыманне добрых ураджаяў у наступным годзе, таму асаблівую ўвагу надаюць якасці правядзення ўсяго комплексу работ.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Сяргея АЧЫНОВІЧА.