Темы

З надзейнымі кадрамі – работа ладзіцца

З надзейнымі кадрамі – работа ладзіцца

Сельскагаспадарчы год блізіцца да завяршэння, але аграрыям пакуль не даводзіцца расслабляцца. Уборка кукурузы на сілас і зерне, завяршэнне азімай сяўбы збожжавых сельгаскультур, уздым зябліва, унясенне арганічных угнаенняў… І гэта мінімальны пералік восеньскіх клопатаў у сельскай гаспадарцы. Аграрыі раёна цяпер імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб закласці добрую аснову для будучага ўраджаю і пад поўную патрэбу нарыхтаваць кармоў.

З максімальнай аддачай працуюць спецыялісты і механізатары КСУП “Жылічы”. Вясной яны па-гаспадарску паставіліся да сяўбы кукурузы, своечасова правялі неабходны комплекс работ па хімпраполцы, а таму зараз высокія абшары с кукурузнымі раслінамі радуюць позірк, а духмяная свежаскошаная маса, якая амаль бесперапынна сыплецца з кормакамбайна ў кузавы машын і прычэпы трактароў, дае спадзяванне на сытную зімоўку грамадскага статка.
Як лічыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Пятроў, галоўны клопат – не прамарудзіць спрыяльны для кукурузы час, каб нарыхтаваць вітамінны корм, які дазволіць разлічваць на павелічэнне надояў і прываг БРЖ. Адзінае, што непакоіць аграрыяў – спякотнае надвор’е, якое не лепшым чынам адбіваецца на пасевах кукурузы: расліны хутка ўсыхаюць, губляецца
і ўраджайнасць, і якасць масы. Таму тэмпы работ на ўборцы кукурузы актывізавалі, бо ўбраць неабходна каля 600 га.

– Сёлета кукурузныя палеткі на жыліцкіх землях радуюць, з кожнага гектара ў сярэднім атрымліваем па 390 цэнтнераў, – адзначыў Уладзімір Пятроў. –
Усе гатункі насення царыцы палёў беларускай селекцыі. Вядома ж, каб атрымаць добры ўраджай пра гэтую культуру мы клапаціліся на працягу ўсяго сезона. Палеткі былі своечасова апрацаваны ад пустазелля, таму зараз у кармы ідзе кукурузная маса без смецця. Ужо заклалі больш за 3000 тон сіласу.

Кіраўніцтва і механізатары сельгаспрадпрыемства разумеюць важнасць корманарыхтоўчай кампаніі: грамадскі статак у гаспадарцы немалы – больш за 2800 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 918 кароў, таму тут імкнуцца з максімальнай аддачай выкарыстоўваць кожны гектар. Чакае свайго часу і 140 га маслянічнай рэдзькі, якую плануюць закласці ў сіласную траншэю разам з кукурузай, каб атрымаць пажыўны корм.

Належным чынам падрыхтавалі да прыёму зялёнай масы сянажныя траншэі, без значных паломак працуе тэхніка. Для таго, каб паскорыць тэмпы закладкі сіласу прыцягваюць да палявых работ тэхніку з розных арганізацый. Пэўную дапамогу аказваюць і калегі з іншых сельгаспрадпрыемстваў. Напрыклад, у аўторак на жыліцкіх палях шчыравала механізатарскае звяно з КСУП “Чырвоны баец”.
Задаволена кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства добрасумленнымі адносінамі да даручанай справы Рамана Данілова, які на КВК заняты на ўборцы і здрабненні кукурузы. Старанна працуюць на адвозцы Раман Канавалаў і Анатоль Гогалеў. Абодва працуюць ў гаспадарцы шмат гадоў, заўсёды з адказнасцю ставяцца да даручанай справы. Па словах працаўнікоў, сёлета ўборка кукурузнай масы прыносіць задавальненне: ураджайнасць зялёнай масы высокая, таму кармавыя запасы папаўняюцца хутка.

Належную ўвагу надаюць жылічане захаванню тэхналогіі нарыхтоўкі і закладкі кармоў. Увесь працэс на сянажных траншэях кантралююць адказныя спецыялісты, а трамбоўку вядуць вопытныя трактарысты-машыністы – Павел Какоўка і Аляксандр Казека.

Як адзначыў Уладзімір Пятроў, сёлетняя корманарыхтоўчая кампанія праходзіць зладжана і планамерна, у чым значная заслуга надзейных механізатарскіх кадраў, адказных спецыялістаў. Кожны на сваім участку работы імкнецца працаваць добрасумленна. Таму ёсць спадзяванне, што сёлета яны нарыхтуюць кармы з запасам і належнай якасці.

Яшчэ адзін клопат мясцовых аграрыяў – своечасовае правядзенне сяўбы азімых культур. На мясцовых палетках ужо размясцілі 310 га азімага рапсу, правялі яго хімапрацоўку, на 175 га – азімую свірэпіцу. Апошняя з культур стане добрым вітамінным кормам для грамадскага статка вясною. Зараз Сяргей Міхнёў актыўна займаецца ворывам і падрыхтоўкай глебы, а Міхаіл Цітарэнка вывеў свой пасяўны агрэгат на сяўбу азімых збожжавых.

У сваю чаргу, і кіраўніцтва сельгас-прадпрыемства клапоціцца аб працаўніках: прама на палеткі дастаўляюцца смачныя абеды, прымяняюцца меры маральнага і матэрыяльнага заахвочання за своечасовае і якаснае правядзенне корманарыхтоўкі.

З раніцы і да змяркання на жыліцкіх палетках чуецца гул тэхнікі: мясцовыя аграрыі праводзяць комплекс палявых работ, прадпрымаюць пэўныя намаганні па паляпшэнні фінансавага стану сельгасарганізацыі, дабрабыту яе працаўнікоў.

Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость