Гонар і пашана работнікам сельскай гаспадаркі

17 лістапада работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу адзначылі сваё прафесійнае свята. У сельгасарганізацыях нашага раёна праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, на якіх ушаноўваюць лепшых работнікаў палёў і ферм, кіраўнікоў і спецыялістаў.
Людзі, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, вартыя ўсеагульнай павагі. Пладамі іх працы мы карыстаемся кожны дзень. Мяняюцца часы, змяняюцца пакаленні, а значнасць сельскагаспадарчай працы толькі ўзрастае…
Урачыстае мерапрыемства з нагоды святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК прайшло ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Пачалося яно з прагляду відэароліка “Зямля як паркалёвы абрус” пра гісторыю станаўлення гаспадаркі.Павіншаваць са святам і падзякаваць рассветаўцаў за працу прыбылі старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Магілёўскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Андрэй Горбель і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Ставер.
Атрымаўшы каравай з мукі новага ўраджаю, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Багель акцэнтаваў: “Хлеб, які мне ўручылі, – гэта хлеб, вырашчаны ўсім нашым калектывам. І нездарма кажуць, што хлеб – усяму галава. Гэты хлеб – наш уклад у харчовую бяспеку краіны”. Ён адзначыў, што вытворчасць “Рассвета” адрозніваецца шматпрофільнасцю. Акрамя класічных напрамкаў (атрымання малака, мяса, збожжавых і зернебабовых культур), тут вырошчваюць гародніну адкрытага і закрытага грунту, займаюцца рыбаводствам і садаводствам, працуе біягазавая ўстаноўка, санаторый, сталовая, гасцініца, пашывачны цэх, база адпачынку. Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што ў цяперашні час самым перспектыўным напрамкам з’яўляецца вытворчасць малака. Таму ў гаспадарцы гэтаму накірунку надаецца вялікая ўвага. На МТК “Валосавічы” пабудавана сучаснае памяшканне для ўтрымання цялят на 260 галоў, што дазволіць захаваць іх пагалоўе і скараціць непрадукцыйнае выбыццё маладняку.
Дырэктар спыніўся на паказчыках, з якімі рассветаўцы падышлі да свайго прафесійнага свята. “Мы працягваем асвойваць новыя тэхналогіі ва ўсіх напрамках дзейнасці. Але якія б высокія паказчыкі я не называў, – падкрэсліў Аляксандр Багель, – без людзей гэта нічога не значыць. Адной з прыярытэтных задач было і застаецца павелічэнне вытворчасці, прычым, якаснай прадукцыі. Сённяшні “Рассвет” – гэта наш агульны дом, які склаўся з агульных спраў усіх пакаленняў рассветаўцаў. Закладзеныя зярняты самых лепшых чалавечых якасцяў нябачна прарастаюць у маладых і квітнеюць у вопытных работніках”.







Цёплыя словы віншавання і падзякі за працу адрасавала рассветаўцам старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава. “У раёне дастаткова высокі ўзровень вытворчасці сельскай гаспадаркі, – адзначыла кіраўнік раёна. – Гэта, вядома, ваша заслуга. Вы забяспечваеце харчовую бяспеку раёна, вобласці, рэспублікі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў: “Дайце мне эканоміку, а мір я забяспечу”. Ваша гаспадарка і ўвесь Кіраўскі раён рэалізуюць на справе пасыл Кіраўніка дзяржавы і ўносяць дастойны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Магілёўскай вобласці. Кожны з вас на сваім працоўным месцы зрабіў сваю работу якасна. Дзякуючы вашай працавітасці, упартасці будуць выкананы ўсе маштабныя задачы, якія стаяць перад вамі. Рассвет – гэта 30% вытворчасці раёна. Гэты год стаў выніковым, але я ўпэўнена, што ўсё дасягнутае – толькі чарговая мяжа”. Галіна Паўлаўна звярнула ўвагу, што ў рассветаўцаў у працы ёсць свой почырк, і ўручыла дыпломы перадавікам вытворчасці – пераможцам раённых спаборніцтваў у розных намінацыях, у тым ліку 2 дыпломы – таварыству: лепшай сельскагаспадарчай арганізацыі на вясенне-палявых работах і па нарыхтоўцы кармоў. Падзяку Кіраўскага раённага выканаўчага камітэта атрымалі кладаўшчык корманарыхтоўчага склада Жанна Шалянгоўская і начальнік рыбнай гаспадаркі Алег Шапавалаў.
Звяртаючыся да прысутных, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец падкрэсліла, што праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, а ў “Рассвеце” асабліва, бо гэта гаспадарка, якая заўсёды на вышыні, заўсёды ва ўсіх навідавоку, і трэба трымаць планку. На думку Алены Аляксандраўны, рассветаўцы з гэтым дастойна спраўляюцца, іх імёны гучаць на ўсю краіну. Алена Сакадынец уручыла Падзякі раённага Савета дэпутатаў вядучаму інжынеру па механізацыі працаёмкіх працэсаў Дзянісу Анціпаву, начальніку сельскагаспадарчага ўчастка Ігару Шчэрбічу і галоўнаму бухгалтару Святлане Бяляўскай.
Падзячныя лісты і падарункавыя сертыфікаты ААТ “Белаграпрамбанк” Андрэй Горбель уручыў трактарысту-машыністу Аляксею Каранкевічу і заатэхніку Марыусу Бераснёву.
Падзякі раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Ставер уручыў аператару машыннага даення Сяргею Плахотнікаву, жывёлаводу Алене Букас і вадзіцелю аўтамабіля Аляксандру Сакаленку.
Больш за 70 працаўнікоў атрымалі ўзнагароды ад дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Сярод узнагароджаных – шмат прадстаўнікоў моладзі, што гаворыць аб іх актыўнасці ў аграрнай дзейнасці. Аляксандр Багель звярнуўся да маладых людзей, якія цяпер знаходзяцца на старце сваіх магчымасцяў. Пажадаў ім новых здзяйсненняў і працоўных перамог.
Асаблівая ўвага падчас мерапрыемства была нададзена ветэранам працы – тым, хто шмат гадоў таму заклаў аснову росквіту “Рассвета”, а зараз з гонарам назірае за яго развіццём. Ім уручылі каштоўныя падарункі і кветкі.
Віншаванні з прафесійным святам рассветаўцы прымалі ад выхаванцаў дзіцячага сада “Вясёлка” аг.Мышкавічы і работнікаў сферы культуры раёна.
Урачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, адбыўся ў калектыве ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэннне”. Каб ушанаваць тых, хто ад ранку да вечара працуе на хлебнай ніве, на фермах і мехдварах, вядзе ўлікі і разлікі, удзел ва ўрачыстасці прыняла старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, а таксама спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, прадстаўнікі прафсаюзнага руху.
У звароце да працаўнікоў Галіна Слабоднікава адзначыла, што высокія дасягненні рэгіёна ў галіне сельскай гаспадаркі былі б немагчымымі без шчырай і добрасумленнай працы кіраўнікоў і спецылістаў сельгасарганізацый, механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў, паляводаў, а таксама без узаемадапамогі. На Кіраўшчыне ўмеюць працаваць зладжана, як гаворыцца, талакой. “Калектыў райаграпрамтэхзабеспячэнння ўнёс значны ўклад у атрыманы агульнараённы рэзультат. Вы на справе даказалі, што ўмееце быць гаспадарамі на сваёй зямлі, умееце гаспадарыць па-сучаснаму, эфектыўна, рупліва, – падкрэсліла Галіна Паўлаўна. – Сёлета вы павялічылі пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Атрымалі добрыя рэзультаты ў раслінаводстве: павялічылі вытворчасць збожжавых культур і рапсу. Да слова, па ўраджайнасці рапсу вы другія ў раёне пасля рассветаўцаў. Гэта высокі паказчык. Знакавай падзеяй для вас стала адкрыццё новага малочнатаварнага комплексу, які даў штуршок для далейшага дынамічнага развіцця вашага таварыства”.
Старшыня райвыканкама пажадала калектыву не зніжаць тэмпы, трымаць пазіцыі, захоўваць тэхналогіі, а самае галоўнае – мірнага неба над галавой.
Дырэктар сельгаставарыства Лявонцій Кушавараў адзначыў, што сельская гаспадарка – гэта не проста галіна прафесійнай дзейнасці, гэта штодзённае жыццё, праца, якая патрабуе цярплівасці, ўпартасці і дысцыплінаванасці. Лявонцій Ціханавіч шчыра падзякаваў калектыву за добрасумленнае стаўленне да справы.
Лепшыя прадстаўнікі калектыву з нагоды свята атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
У КСУП “Ніва-Барсукі” адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. На ім былі падведзены вынікі бягучага сельскагаспадарчага года, прааналізаваны дасягнутыя поспехі, вызначаны шляхі павышэння прадуктыўнасці працы, а таксама акрэслены задачы на год наступны. Удзел ва ўрачыстасці прынялі першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Дарожкін і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктар Ставер.
Віншуючы аграрыяў з прафесійным святам Сяргей Дарожкін адзначыў, што для ніваўцаў старанная і добрасумленная праца – справа штодзённая і звычайная. Сведчанне таму – перамогі і прызавыя месцы як сельгаспрадпрыемства, так і асобных яго працаўнікоў у розных намінацыях раённых спаборніцтваў, пры падвядзенні вынікаў правядзення палявых работ. Вось і сёлетні сельскагаспадарчы год прынёс калектыву лідарства па шэрагу пазіцый. Сяргей Анатольевіч пажадаў працаўнікам сельгаспрадпрыемства і ў далейшым не зніжаць планку ў дасягненні новых вытворчых вышынь. Затым адбылося ўшанаванне пераможцаў штогадовага раённага спаборніцтва.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстага сходу звярнуўся дырэктар сельсгаспрадпрыемства Іван Рыняк. Ён адзначыў, што для гаспадаркі і ўсяго калектыву працаўнікоў бягучы год стаў даволі паспяховым. КСУП “Ніва-Барсукі” было ўзнагароджана Ганаровым дыпломам І ступені Магілёўскага аблвыканкама ў намінацыі “Эканамічная эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці” ў абласным спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу за 2023 год.
Характарызуючы фінансавыя паказчыкі бягучага года, Іван Уладзіміравіч адзначыў, што выручка ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) за 10 месяцаў склала 16762,60 тысячы рублёў (118% да адпаведнага перыяду 2023 года), прыбытак ад рэалізацыі за 9 месяцаў года склаў 2123 тысячы рублёў.
Па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства, атрыманыя сродкі было вырашана выкарыстаць з максімальнай карысцю і для гаспадаркі, і для людзей. Частка грашовых сродкаў была накіравана на абнаўленне машынна-трактарнага парку, на 26,8% павысілі заработную плату.
Па словах Івана Рыняка, сучаснае абсталяванне, захаванне рацыёнаў кармлення і догляду БРЖ, своечасовы ветэрынарны кантроль за здароўем жывёлы, добрасумленная праца раслінаводчай галіны і згуртаваны калектыў дазваляюць спадзявацца, што і ў далейшым сельгаспрадпрыемства не страціць сваіх лідзіруючых пазіцый, працуючы над павелічэннем вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Што тычыцца наступнага года, то па словах кіраўніка гаспадаркі, асаблівую ўвагу зноў жа неабходна будзе надаць забеспячэнню якаснымі кармамі грамадскага статка. Таму перад інжынернай службай гаспадаркі стаяць важныя задачы па падрыхтоўцы тэхнікі, перад агранамічнай – па своечасовай уборцы зялёнай масы са строгім захоўваннем тэхналогіі вытворчасці кармоў. Увогуле ж, асноўнымі задачамі на надыходзячы год у дырэктар прадпрыемства назваў строгае захаванне тэхналогій вырошчвання сельгаскультур, кармлення і ўтрымання БРЖ.
Станоўча ўплывае на павелічэнне вытворчых паказчыкаў, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі згуртаванасць працоўнага калектыву. Па словах Івана Уладзіміравіча, сярод работнікаў палёў і ферм нямала старанных, добрасумленных і ініцыятыўных людзей. Менавіта яны – залаты фонд гаспадаркі, на іх трымаецца дабрабыт і развіццё сельскагаспадарчай галіны.
Затым адбылася цырымонія ўзнагароджвання. Словы ўдзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў прагучалі ў адрас лепшых прадстаўнікоў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галін, інжынернай і бухгалтарскай службаў.
Свае віншаванні з дасягнутымі поспехамі адрасаваў сяльчанам Віктар Ставер. Ганаровая грамата райкама прафсаюза работнікаў АПК была ўручана жывёлаводу Юліі Якаўлевай, нагрудным знакам “За добрасумленную працу” ўзнагароджана аператар машыннага даення кароў Ганна Белаглазава.
Добры настрой удзельнікам святочнага мерапрыемства падарылі работнікі Барсукоўскага клуба-бібліятэкі.
Матэрыялы падрыхтавалі Галіна РУСЕЦКАЯ, Яўгенія БЯЛЬКО, Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтараў і Сяргея АЧЫНОВІЧА. (пазнаёміцца з інфармацыяй аб пераможцах можна на старонках раёнкі ў №92.)