Вернасць прафесіі

Сфера сельскай гаспадаркі – адна з найважнейшых галін эканомікі Беларусі. Яе працаўнікі круглы год забяспечваюць краіну харчаваннем. Нягледзячы на развіццё вытворчых тэхналогій, тэхнічнае абсталяванне галіны, вырашальную ролю па-ранейшаму адыгрывае чалавечы фактар.
Больш за 30 гадоў працуе аператарам машыннага даення ў КСУП “Чырвоны баец” Ірына Гукава, якая па вытворчых паказчыках з’яўляецца адной з лепшых у сельгаспрадпрыемстве. Яна не па чутках ведае, што ў сельскай гаспадарцы шчыруюць працавітыя і цярплівыя людзі, неабыякавыя да агульнай справы, бо іншыя тут не затрымліваюцца.
“Наша прафесія – “даярка” – ужо даўно называецца “аператар машыннага даення”, бо працэс атрымання малака стаў механізаваным. Сапраўды, за гады маёй працы шмат што змянілася, але шчыраваць усё таксама нялёгка. Наўрад ці хто з маіх калег назаве нашу працу простай, – разважае Ірына Фёдараўна. –
Але за доўгія гады прывыклі. Для мяне няма складанасцей ў маёй рабоце,
я проста раблю тое, што ўмею з дзяцінства, гэтым і жыву”.
Ірына Гукава нарадзілася ў Скрыпліцы. Пасля школы вучылася на майстра па плодаагародніцтве ў Кіраўскім СПТВ №66, аднак па гэтай прафесіі ніколі не працавала – адразу пайшла ў жывёлагадоўлю. У першую чаргу з-за таго, што яе маці ўсё жыццё была даяркай, і сваё дзяцінства Ірына праводзіла, можна сказаць, на ферме, дапамагаючы ёй. Атрымліваецца, што прафесія ёй перадалася ў спадчыну разам з дысцыплінаванасцю, вытрымкай і добрасумленнасцю.
Праца даяркі – асаблівага кошту, бо менавіта яна мае важкае значэнне ў малочнай вытворчасці.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.