Ахова працы –ахова жыцця работніка

На бягучым тыдні на базе нашага раёна адбыўся абласны семінар-вучоба па тэме “Удасканаленне работы па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы, стварэнні неабходных санітарна-бытавых умоў работнікаў”. Месцам правядзення стала КСУП “Чырвоны баец”.


Сярод удзельнікаў – галоўныя інжынеры, спецыялісты па ахове працы сельгасарганізацый, спецыялісты райсельгасхарчаў, якія курыруюць пытанні механізацыі і аховы працы нашага, Бабруйскага, Асіповіцкага, Клічаўскага і Глускага раёнаў. Прысутных вітала на Кіраўшчыне першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Антаніна Смятана. Яна адзначыла, што ў сельгасарганізацыях раёна працуе каля 2000 чалавек. Нагадала асноўныя накірункі дзейнасці гаспадарак, агучыла моманты падрыхтоўкі да веснавых палявых работ, рамонту тэхнікі.
Першы намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Малахаў адзначыў важнасць і актуальнасць тэмы семінара-вучобы. Па яго словах, менавіта ад забеспячэння дастойных і бяспечных умоў працы залежыць самае галоўнае – здароўе і жыццё работнікаў.
Аб арганізацыі работы па забеспячэнні аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі на прадпрыемстве расказаў дырэктар КСУП “Чырвоны баец” Сяргей Лянкевіч. Так, у сельгаспрадпрыемстве працуе 137 чалавек, з якіх 36 спецыялістаў, 19 – у механізацыі, 39 – у жывёлагадоўлі, 10 – у паляводстве. Машынна-трактарны парк складаецца з 24 трактароў, 27 прычапных агрэгатаў і 10 машын. Кіраўнік адзначыў, што ў гаспадарцы правялі работы па мадэрнізацыі памяшканняў мехмайстэрняў, замене аконных блокаў, набыта некаторае новае абсталяванне, значна абнавіўся машынна-трактарны парк, паляпшаюцца санітарна-бытавыя ўмовы работнікаў.
Галоўны інжынер “Чырвонага байца” Міхаіл Шапоткін расказаў аб правілах работы механізатараў у назіральных ямах, захаванні патрабаванняў бяспекі работнікамі пры абслугоўванні і рамонце тэхнікі, рабоце са слясарным інструментам. Не менш важнай тэмай яго выступлення стала работа з грузапад’ёмнымі механізмамі. Удзельнікам семінара прадэманстравалі бяспечную работу гэтых механізмаў, а таксама на свярлільным станку, які гаспадарка набыла нядаўна. Са станоўчага боку было адзначана, што ў мехмайстэрні размешчаны стэнд, які дэманструе, як правільна прычапляць вузлы і агрэгаты тэхнікі, каб яны пры пад’ёме не сарваліся. Бо падзенне няправільна замацаваных грузаў – адна з прычын трагічных выпадкаў.

Падчас плянарнага пасяджэння ўвазе ўдзельнікаў мерапрыемства прадэманстравалі відэафільм, дзе былі паказаны моманты парушэння тэхнікі бяспекі, якія прывялі да няшчасных выпадкаў і нават смерці работнікаў.
Загадчык сектара механізацыі і аховы працы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Дзмітрый Якаўлеў звярнуў увагу на вытворчы траўматызм у сельгаспрадпрыемствах вобласці і расказаў пра меры па іх прафілактыцы. Сярод асноўных прычын гібелі і траўміравання работнікаў ён назваў парушэнне імі ж працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, асабістую неасцярожнасць, а таксама невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы.
Аб крымінальнай адказнасці за парушэнне правілаў аховы працы нагадаў прысутным старшы следчы ўпраўлення працэсуальнага кантролю ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Яўген Пархамовіч.
Падводзячы вынікі семінара-вучобы, Дзмітрый Малахаў адзначыў, што спецыялісты па ахове працы павінны быць настойлівымі ў вырашэнні пытанняў, якія дапамогуць захаваць здароўе работнікаў і пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вытворчасці.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.