Я патрыёт сваёй краіны

Патрыятызм – адна з найважнейшых каштоўнасцяў грамадства, якая адлюстроўвае любоў і павагу да Радзімы, яе гісторыі і культуры. Моладзь адыгрывае ключавую ролю ў захаванні і развіцці гэтай каштоўнасці, перадаючы яе будучым пакаленням.
У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў раённы этап конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго
ўдзельнікамі сталі вучні дзясятых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія праявілі сябе ў вучэбнай, спартыўнай і валанцёрскай дзейнасці, а таксама з’яўляюцца лідарамі вучнёўскага самакіравання і актывістамі грамадскіх арганізацый.
Конкурс складаўся з некалькіх этапаў, кожны з якіх дазваляў удзельнікам прадэманстраваць свае веды, уменні і творчыя здольнасці. “Партфоліё. Матывацыйны ліст “Чаму я хачу быць удзельнікам “Цягніка памяці” даў магчымасць дзецям расказаць пра сваё бачанне патрыятызму і важнасць удзелу ў мерапрыемствах, звязаных з памяццю аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Візітная картка дазволіла прадставіць сябе і сваю дзейнасць перад журы і гледачамі. Трэці этап – конкурс эсэ “80 мірных гадоў” – стаў пляцоўкай для разважанняў аб значэнні міру і стабільнасці пасля заканчэння вайны.
Пераможцам конкурсу стала вучаніца Мышкавіцкай сярэдняй школы Ганна Бандарэнка. Яе работы былі адзначаны журы за глыбіню зместу, арыгінальнасць падачы матэрыялу і шчырую прыхільнасць ідэалам патрыятызму. Ганна прадставіць Кіраўскі раён на абласным этапе конкурсу, які пройдзе ў бліжэйшы час!
Да слова, ужо трэці год запар вучні Мышкавіцкай СШ займаюць першыя месцы ў конкурсе. Летась на абласным этапе раён прадстаўляла Ксенія Сібіркова, у 2023 годзе перамогу атрымаў Алег Жылінскі.
Дыпломам другой ступені быў узнагароджаны вучань сярэдняй школы №2 імя К.П.Арлоўскага Міхаіл Гайдукевіч. Трэцяе месца – у прадстаўніцы Барчыцкай сярэдняй школы Марыі Сямёнавай.
Правядзенне падобных мерапрыемстваў мае вялікае значэнне для выхавання маладога пакалення, фарміравання ў іх пачуцця гонару за сваю краіну і яе гісторыю. Конкурс “Я патрыёт сваёй краіны” паказаў, што сучасныя школьнікі валодаюць глыбокімі ведамі і разуменнем значэння патрыятызму, а таксама гатовы актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваёй краіны.
Вікторыя КАРАНКЕВІЧ,
педагог-арганізатар ЦДАДіМ.