Вучаніца 10 класа гімназіі г.Кіраўска Лізавета Басацкая атрымала дыплом ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Вучаніца 10 класа гімназіі горада Лізавета Басацкая прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару, які праводзіўся па 18 вучэбных прадметах. У выніку яе работа “Маёнтак Качэрычы і яго ўладальнікі” (даследаванне аб схеме роднасных сувязей і вядомых прадстаўніках былых уладальнікаў маёнтка Качэрычы, дваранскіх родаў Ланеўскіх-Волкаў і фон Гойераў) атрымала дыплом ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Для ўдзелу ў конкурсе папярэдне было пададзена больш 1000 заявак. У заключным (вочным) этапе прынялі ўдзел 375 вучняў школ Рэспублікі Беларусь, а таксама прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі і Украіны.
Прадстаўніца Кіраўшчыны разам з 21 юным даследчыкам з розных куткоў нашай краіны прымала ўдзел у рабоце секцыі “Гісторыя — культурная спадчына і сучаснасць”, якая была арганізавана на базе ліцэя №1 г.Баранавічы.
Члены журы, сярод якіх былі 12 доктараў і 41 кандыдат навук, прышлі да высновы, што ўзровень падрыхтоўкі работ, а менавіта фармуліроўка гіпотэзы, да-кладная структура, тэарэтычная абгрунтаванасць, самастойнасць даследавання, аналітычныя выкладкі рэзультатаў эксперыменту, афармленне работы ў адпаведнасці з агульнымі патрабаваннямі, культура і логіка выступлення вучняў, глыбіня валодання матэрыялам вывучаемага пытання, граматнасць пры адказах на пытанні па тэме даклада значна ўзрасла.
Жадаем нашай зямлячцы далейшых поспехаў у вывучэнні гісторыі роднага краю!