Калектыў Жыліцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі прызнаны лепшым на раённым і абласным узроўнях

Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу па павышэнні якасці і культуры медабслугоўвання насельніцтва за 2015 год калектыў Жыліцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі заняў 2 месца. Акрамя гэтага, жыліцкія медыкі прызнаны лепшымі на раённым і абласным узроўнях.
Дасягнутым поспехам папярэднічала плённая і добрасумленная праца калектыву ўстановы аховы здароўя. Узначальвае яго Андрэй Вервенка, агульны стаж якога, дарэчы, складае 23 гады. Працуе ён дзеля захавання здароўя сельскіх жыхароў не лічачыся з уласным часам.
— У нашым калектыве шчыруюць людзі, аддадзеныя выбранай прафесіі і ўлюбёныя ў сваю справу,— адзначае Андрэй Вервенка. — Менавіта гэта, у першую чаргу, і з’явілася ключавым фактарам у дасягненні высокіх вынікаў. Бо толькі разам можна паспяхова спалучаць якаснае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, дабіцца зніжэння захворваемасці сельскіх жыхароў.

Радыус абслугоўвання амбулаторыяй складае 18 кіламетраў, на якіх размешчаны 21 сельскі населены пункт. Агульная колькасць абслугоўваемага насельніцтва — 2115 чалавек, у тым ліку 321 дзіця (з іх да 1 года — 17, у 2014 г. — 6). На прыпісной тэрыторыі знаходзяцца Лёўкавіцкі і Дабаснянскі фельчарска-акушэрскія пункты.
Летась на амбулаторным прыёме пабывалі 8042 пацыенты, наведана на даму — 2264. У аддзяленні дзённага знаходжання атрымалі медыцынскую дапамогу 184 жыхары, палова з якіх складаюць асобы працаздольнага ўзросту. Значна больш у параўнанні з папярэднім годам выканана фізіятэрапеўтычных працэдур: 6016 супраць 519 у 2014 г., усяго пралечана 762 пацыенты.
Дзякуючы рэалізацыі праграмы дэмаграфічнай бяспекі, пастаяннай рабоце з насельніцтвам, паляпшэнню якасці дыспансерызацыі дасягнута зніжэнне смяротнасці на 1,3%, у тым ліку ў працаздольным узросце — на 4,2%.
Прыярытэт у назіранні і аказанні медыцынскай дапамогі аддаецца дзецям. Дарэчы, летась на свет тут з’явілася 19 малышоў. Паказальна, што на ўчастку Жыліцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі захворваемасць дзіцячага насельніцтва застаецца на стабільна нізкім узроўні.
— Нашы работнікі разумеюць, што абслугоўваць пацыентаў, тым больш, хворых, няпроста,— працягвае размову Андрэй Вервенка.— Поспех у любой справе забяспечваюць людзі нераўнадушныя, а ў галіне аховы здароўя — яшчэ і чулыя да чужой бяды, жадаючыя лячыць людзей як мага лепш.

Па словах кіраўніцтва райбальніцы, тон у рабоце калектыву амбулаторыі задае сам загадчык, які стараецца трымаць руку на пульсе часу і ўнікае ва ўсё новае, што адбываецца ў сучаснай медыцыне, актыўна прымяняе на практыцы. Андрэй Вервенка — прыроджаны ўрач, яму па сіле і выкананне ўскладзеных на яго абавязкаў, і аказанне нескладанай хірургічнай дапамогі. З кожным пацыентам, з кожнай сям’ёй ён працуе ў цесным кантакце. Людзі ўдзячны доктару за разуменне, своечасовае аказанне неабходнай медыцынскай дапамогі на належным узроўні.
Няхай і ў далейшым медыкам садзейнічае поспех, а дасягнутыя рубяжы стануць стымулам для заваявання вышэйшай прыступкі ў рэспубліканскім спаборніцтве!
Таццяна БАРАДЗІНА. Фота Максіма МІКЕШЫНА.