Патынкуй мяне…


У гэтым годзе Кіраўск актыўна заявіў аб сваіх планах на добраўпарадкаванне – рэканструкцыя дарог, кветнікі, устаноўка малых архітэктурных формаў і іншае. Аднак ёсць моманты, якія не толькі парушаюць агульную карціну, але і пакідаюць непрыемныя ўражанні ў гасцей нашага горада.
Кіраўск – горад праязны. А міма “Смажанкі” тым больш ніхто не праязджае. Але вось суседні будынак – Аўтастанцыя – доўгі час прыцягваў да сябе ўвагу “голым” вуглом – абсыпанай тынкоўкай. Магчыма, самому будынку гэта і не шкодзіць, але ж па меншай меры гэта неэстэтычна…
Што падумаюць пра нас госці горада? Практычна з гэтага месца пачынаецца знаёмства з горадам, а першае ўражанне часцяком застаецца вырашальным. На мой погляд гэтая сітуацыя супярэчыць прынцыпу чысціні і парадку, да якога прывыклі кіраўчане.
Кожны ўчастак гарадской тэрыторыі заслугоўвае ўвагі, незалежна ад таго, наколькі ён “малы” або “непрыкметны”, асабліва ў Год добраўпарадкавання. Кожны грамадзянін павінен разумець, што добраўпарадкаванне – гэта комплекснае стаўленне да свайго дома, да свайго горада.
Пакуль вярсталася газета, Кіраўскі філіал Аўтапарк №14 ОАО “Магілёўаблаўтатранс” прыступіў да рамонтных работ. Упэўнена, усё будзе зроблена належным чынам, а мы з вамі, паважаныя чытачы, будзем сачыць за гэтым.
Галіна РУСЕЦКАЯ.