Касавіца – галоўная задача дня

Корманарыхтоўка. Водарам чэрвеньскай травы напоўнена ўсё наваколле: паветра, зямля, рукі механізатараў. Менавіта ад працаздольнасці гэтых самых рук залежыць наколькі ўпэўнена грамадскі статак раёна ўвойдзе ў наступную зімоўку, якім будзе рацыён кармлення жывёлы і ў выніку – колькасць і якасць атрыманай жывёлагадоўчай прадукцыі.
Касавіца, як і многія іншыя віды сельгасработ, патрабуе аператыўнасці: чым хутчэй зробіш, тым больш якасныя кармы атрымаеш. Папрацаваць у гэты перыяд даводзіцца шмат – з раніцы і ледзь не да ночы гудзе сельгастэхніка ў полі.

Па дадзеных упраўлення райсельгасхарчу, па стане на ўчарашні дзень у раёне травы скошаны больш чым на 3517 га, што складае 29% ад плана, убраны – на 2579 га (73%). Нарыхтавана 26164 т сенажу (20% ад плана), 36 т сена і 411 сіласу. У лідарах на нарыхтоўцы сенажу працаўнікі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, СВК “Бераснёўскі”, ААТ “Дабаснянскае”, КСУП “Ніва-Барсукі”, КСУП “Барчыцы-агра”, СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”.
На палетках КСУП “Жылічы” падкормленыя ўгнаеннямі і палітыя дажджамі травы шпарка пайшлі ў рост, раскусціліся. Таму кіраўніцтва гаспадаркі актывізавала работы па корманарыхтоўцы, каб у найбольш спрыяльныя тэрміны атрымаць карысны і якасны корм для грамадскага пагалоўя БРЖ.

Усе ўдзельнікі корманарыхтоўчай кампаніі забяспечваюцца гарачымі абедамі і вячэрамі, мінеральнай вадой.
Як адзначыла старшыня прафкама Зінаіда Кісялёва, у гонар перадавікоў корманарыхтоўчых работ на мехдвары штодня ўзнімаецца флаг, а іх прозвішчы размяшчаюцца на Дошцы пашаны.
Падчас наведвання сельгаспрадпрыемства і размовы з механізатарамі адчувалася, што настрой ва ўдзельнікаў “зялёнага жніва” баявы, а гэта значыць, ёсць усе падставы для таго, каб іх стараннямі грамадскі статак быў забяспечаны якаснымі кармамі пад поўную патрэбу.
Подробно в номере № 44 (10666).
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.