Дзівосны свет птушак!

1 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень птушак. У гэтыя веснавыя дні пачынаецца прылёт пярнатых з зімовак. Які шырокі і разнастайны свет птушак у нашай Беларусі! Вялікія і малыя, з рознага колеру апярэннем, звычкамі і галасамі, кожны прадстаўнік гэтага багатага свету заслугоўвае нашыя ўвагу, цікавасць, захапленне…
Ніколі не забудзецца дзень напрыканцы лютага ў Хаміцкім лесе, калі давялося паслухаць птушыныя спевы. Спачатку было ціха і неяк урачыста, быццам перад вялікім святам. І раптам — “цок-цок-цок…кле-кле-кле…” Доўгая і звонкая песня, што даносілася з елкі, прымусіла прыпы-ніцца. Як ні хаваўся спявак, не заўважыць яго было немагчыма — ярка-чырвоная птушка з кры-вой, як у папугая, дзюбай. Крыжадзюб! Вось ён кульнуўся, на ляту схапіў дзюбай шышку і, гойдаючыся, павіс у паветры дагары нагамі. Крыжадзюб — адзіная на Беларусі птушка, якая выводзіць птушанят зімой, робіць глыбокае, з тоўстымі сценкамі гняздо, а верхнія пушыстыя лапы елак шчыльна ўкрываюць яго ад снегу…
Хутка прырода ажыве птушынымі спевамі на розныя галасы — у родны край вернуцца буслы і жаўранкі, ластаўкі і аўдоткі, бакасы і бацяны, берасцянкі і дразды, малінаўкі, залацістыя івалгі, заранкі, шпакі, сіваваронкі, лугавыя чаканы, зязюлі, лебедзі, качкі, гусі…
Днямі давялося пачуць нарастаючы грай птушак. Спачатку падумаў, што гэта раскрычаліся галкі ці вароны. Але па меры таго, як яны набліжаліся, зразумеў: не яны паднялі такі вэрхал. Гэта былі галасы кнігавак. Яны то апускаліся — “ч’і-вы, ч’і-вы” — аж звінела ад іх галасоў прастора, то зноў узвіваліся ў чысты блакіт.
Слухаў узбуджаны, радасны голас птушак, і душа мая поўнілася радасцю, вясной, нейкім незразумелым, але цудоўным, светлым пачуццём…
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.
Фото Максіма МІКЕШЫНА.
