Поспех у згуртаванай камандзе

Праца работнікаў сельскагаспадарчай галіны не ведае перапынкаў. Зямля патрабуе пастаяннай увагі і клопату, шчодра аддаючы ўзамен у некалькі разоў болей, чым укладзена ў яе. Тое, як клапоцяцца аб зямлі працаўнікі СГФ «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт», журналіст раённай газеты назіраў падчас камандзіроўкі ў сельгасфіліял 5 жніўня. На працягу дня ў суправаджэнні галоўнага агранома Сяргея Кузьміна мы наведалі шэраг вытворчых аб’ектаў, зазірнулі, можна сказаць, у кожны куток. Аграрыі працуюць у зладжаным рытме, пад акампанемент водару свежасабранага збожжа, шамацення залацістай саломы і гукаў працуючай сельгастэхнікі. Спецыялісты і механізатары тут як адзінае цэлае, кожны ведае сваю справу, дзень за днём адточваючы майстэрства.

Сёлета на жніве задзейнічана пяць камбайнаў і столькі ж адзінак тэхнікі занята на адвозцы ўраджаю.
Поўнасцю ўбралі з палёў азімы рапс (110 га) і азімы ячмень (400 га). Ураджайнасць ячменю – 33 цэнтнеры з гектара, што вышэй за леташні паказчык.

У аўторак аграрыі працягвалі жніво, убіраючы жыта, агульная плошча якога складае 410 гектараў. Па пра межкавых выніках гэта культура дэманструе ўраджайнасць каля 33 ц/га. Ёсць віды на нядрэнны ўраджай трыцікале (250 га), аграрыі разлічваюць атрымаць у раёне 35 цэнтнераў на круг.

Падчас нашай камандзіроўкі ўсе пяць збожжаўборачных камбайнаў абмалочвалі жыта на адным з самых аддаленых участкаў – у Падсёлах. Тон калегам па жніве задавалі экіпажы Сяргея Чорнага і Максіма Вараб’ёва, Анатоля Кузьміна і Аляксандра Кунцэвіча. Сярод вадзіцеляў лідзіруе Вячаслаў Рудэнка, які перавёз больш за тысячу тон збожжа. Збожжаўборачны атрад працуе зладжана. Пры добрых умовах надвор’я за дзень убіраюць каля 70 га. Па стане на раніцу 7 жніўня чыгірынцы перакрочылі экватар жніва – ўсяго абмалочана 52% плошчаў.

Збожжа з палёў адвозіцца на зернесушыльны комплекс. У сёлетніх умовах надвор’я сушылка працуе ў рэжыме нон-стоп. Аператар збожжасушыльнай устаноўкі Віктар Калабухін адзначыў, што ў гэтым сезоне на работніках збожжатакоў каласальная адказнасць – аператыўна і якасна ачысціць і высушыць намалоты.
Дарэчы, зараз у сельгасфіліяле манціруецца новая магутная сушылка, якая ў хуткім часе будзе гатова да запуску.

Чыгірынцы поўнасцю выканалі дзяржзаказ па рапсе, рыхтуецца да здачы першая партыя жыта.
Уборачная гарачая пара – гэта толькі частка працы аграрыяў улетку. Паралельна са жнівом у гаспадарцы актыўна вядзецца зграбанне сена ў валкі, прэсаван не саломы, падрыхтоўка палёў да будучай сяўбы. Напрыклад, там, дзе яшчэ некалькі дзён таму рос ячмень, ужо падрыхтаваны плошчы пад сяўбу рапсу.
На прэсаванні саломы занята дзве адзінкі тэхнікі. На адным з участкаў на прэс-падборшчыку гэтую работу выконвае Сяргей Глушакоў, на другім агрэгаце – Мікалай Казакоў.

Абедаюць працаўнікі палёў непасрэдна на працоўным месцы. Гарачае харчаванне для іх рыхтуюць работнікі сталовай ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне», а дастаўляюць яго на палі вадзіцель Васіль Мацюшонак і кухонны рабочы Аксана Мелехава.
Пакуль хлебаробы абмалочваюць ураджай збожжавых, сваёй чаргі чакае царыца палёў – кукуруза, 205 га якой адведзена на зерне і 625 – на зялёны корм. У пачатку сезона, калі ішлі дажджы і былі нізкія тэмпературы, была боязь, але пасля ўнясення ўгнаенняў і правядзення неабходных апрацовак, надвор’е наладзілася, і кукуруза ўпэўнена пачала расці, дасягаючы зараз амаль 2,5 метра ў вышыню.

Палявыя работы ў СГФ «Чыгірынка» вядуцца планамерна. І садзейнічае гэтаму не толькі добрае надвор’е і якасная тэхніка. У першую чаргу – каманда, згуртаваная агульнай мэтай, гатовая падтрымліваць адзін аднаго ў любой сітуацыі.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.