Справа знайшлася для кожнага

23 красавіка прайшоў традыцыйны рэспубліканскі суботнік. Прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў працавалі на рабочых месцах, а таксама на добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцей, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, тэрыторый населеных пунктаў.
Сёлета на Кіраўшчыне ў суботніку прыняло ўдзел 6220 чалавек, у тым ліку вучні агульнаадукацыйных школ, навучэнцы Жыліцкага сельгаскаледжа і ліцэя №15.
На добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў в.Боркі былі задзейнічаны работнікі аддзелаў райвыканкама: адукацыі, спорту і турызму і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама Баравіцкага сельвыканкама. Уборкай тэрыторыі займаліся і мясцовыя жыхары. 
Значны аб’ём работ адразу на некалькіх аб’ектах быў выкананы ў аг.Жылічы. Прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ГА “БРСМ”, раёна электрасетак, сельгаскаледжа і Дабаснянскага сельвыканкама прыбіралі ад смецця і мінулагодняга лісця тэрыторыю парка каля палацава-паркавага ансамбля. Тэрыторыю цукровага завода добраўпарадкоўвалі работнікі КСУП “Жылічы”, мясцовых СШ і дзіцячага садка, а таксама Дабаснянскага сельвыканкама. Працоўны “дэсант” з вытворчых участкаў аг. Жылічы, Лёўкавіч і Добасны УКП “Жылкамгас” шчыраваў на зборы сухога галля, смецця на пустуючай тэрыторыі ўздоўж меліярацыйнага канала, прылягаючай да гаспадарчых пабудоў.
На ачыстцы возера ў аг.Барсукі былі задзейнічаны працоўныя калектывы многіх арганізацый і ўстаноў горада, у тым ліку і рэдакцыі “раёнкі”. Кіраўчане ахвотна выдалялі кустоўе, выносілі і грузілі яго на аўтатран-спарт з тым, каб у хуткім часе возера набыло належны выгляд і было прыгодным для адпачынку.
У райцэнтры паабапал вул. імя Кірава адна група прадстаўнікоў райвыканкама высаджвала хвойныя кампазіцыі, якім пазней будзе надавацца адпаведная форма, а другая, на чале са старшынёй Аляксандрам Бутаравым і разам са старшынёй райсавета дэпутатаў Галінай Слабоднікавай, займалася ўладкаваннем дэндрапарка пры ўездзе ў горад з боку в.Букіно: падчас суботніка тут высаджвалі саджанцы.
Камунгасаўцы фарбавалі лаўкі і скрыні для смецця ў гарадскім парку. Таксама праводзіліся масавыя работы на вуліцах горада: работнікі райспажыўтаварыства добраўпарадкоўвалі прылягаючыя тэрыторыі да гандлёвых кропак, раённага вузла электрычнай сувязі выдалялі сухую расліннасць і кустоўе ўздоўж вул.Калгаснай, а ДРБУ-197 шчыравалі на вул.Саўгаснай.
Акрамя таго, кіраўчане прынялі актыўны ўдзел у навядзенні чысціні на прылягаючых тэрыторыях пустуючых дамоў: №37 па вул.Піянерскай (ПМК-255), №97 па вул. Арлоўскага (РАНС, раён газазабеспячэння), безгаспадарчага дома, размешчанага ўздоўж аўтадарогі Бабруйск-Магілёў у раёне Грыбавецкага лясніцтва (ДЮСШ).
Сіламі кіраўчан быў наведзены санітарны парадак на могілках “Хамічы”, в.Пацава Слабада і в.Сяргеевічы.
Будаўнікі ПМК-255, прадстаўнікі цэнтральнай раённай аптэкі №82, філіяла “Бабушкина крынка”, Стайкаў-скага сельвыканкама даводзілі да ладу пустуючыя ўчасткі ў в.Галынаўка, а ў в.Глыбокавічы на аднатыпных работах шчыравалі працаўнікі раённага вузла паштовай сувязі, філіяла Аўтапарк-14, Скрыпліцкага сельвыканкама.
У сельскіх населеных пунктах работнікамі арганізацый сацыяльнай сферы праводзілася ўборка тэрыторый каля адміністрацыйных будынкаў.
Зладжана вяліся работы і на іншых аб’ектах горада і сельскіх населеных пунктаў, вызначаных планам правя-дзення рэспубліканскага суботніка.
Грашовыя сродкі, заробленыя падчас суботніка, у тым ліку і на рабочых месцах, плануецца пералічыць у аб’ёме 50% на будаўніцтва Гомель-скай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, астатнія будуць накіраваны на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, месцаў баявой і воінскай славы, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезону і іншыя мэты. У лік аб’ектаў Магілёўшчыны, куды будуць накіраваны сродкі, увайшоў і Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль.
Па папярэдніх падліках аддзела эканомікі райвыканкама, налічана для пералічэння ў фонд рэспубліканскага суботніка 127 млн. рублёў.
Фота
Наталлі ХАДАКОВАЙ і Таццяны
БАРАДЗІНОЙ.
