На ўборачным канвееры – бульба

Якасны ўраджай забяспечваецца дзякуючы сучасным тэхналогіям і эфектыўнаму кіраванню рэсурсамі. Асаблівая ўвага надаецца захаванню якасці клубняў у працэсе ўборкі і захоўвання.
«Рассвет» традыцыйна спецыялізуецца на вырошчванні бульбы і забяспечаны ўласнымі складскімі памяшканнямі для доўгатэрміновага захоўвання. У распараджэнні сельскагаспадарчага таварыства тры сучасныя агароднінныя сховішчы, якія могуць змясціць 11 тысяч тон бульбы. Як адзначыў першы намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандр Жылінскі, гэтага аб’ёму дастаткова.
Аляксандр Валянцінавіч падкрэсліў важнасць правільнага падыходу да вытворчасці бульбы: «Для нас галоўнае – якасць. Мы працуем над аптымальным выкарыстаннем плошчаў і клапоцімся аб захоўванні нашага ўраджаю. Важна ўважліва ставіцца да ўсіх этапаў бульбаводства – ад падрыхтоўкі глебы да захоўвання».
Гаспадарка арыентуецца на сярэдняспелыя і раннеспелыя гатункі бульбы, сярод якіх вылучаюцца традыцыйныя «Каралева Ганна», «Лілі», «Рэд ледзі», «Гала» і «Вега».
Сёлета халоднае лета з частымі ападкамі ў нейкай ступені паўплывала на ўраджайнасць у нізкіх мясцінах, дзе бульба вымакла. Аднак у «Рассвеце» яна, як кажуць, урадзіла. Яе ўраджайнасць у сярэднім складае 380–400 цэнтнераў з гектара.
Аляксандр Жылінскі прадоўжыў: «Поспехі сельскай гаспадаркі сапраўды залежаць не толькі ад намаганняў аграномаў, але і ад умоў надвор’я, пад якія варта ўмець падладкоўвацца. Гэты год выдаўся складаным для бульбы. Аднак прымяненне ўсіх неабходных агратэхнічных прыёмаў і строгае выкананне тэхналогій дазваляюць адзначыць, што агульная карціна застаецца станоўчай».
Аляксандр Валянцінавіч падкрэсліў, што галоўная ўмова паспяховага завяршэння бульбавага сезона – забеспячэнне якасных умоў захоўвання сабранага ўраджаю, каб прадукт быў свежым і смачным ажно да наступнага года.
Беларусы любяць бульбу! Гэта гародніна стала сімвалам нашай кухні, а разнастайнасць страў –
ад бульбяного пюрэ да дранікаў – радуе гурманаў. Кожны год, збіраючы ўраджай, мы з гонарам глядзім на вынікі нашай працы, бо бульба – гэта не проста ежа, а частка нашай культуры і традыцый.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Галіны РУСЕЦКАЙ.