Галіна Лёгкая: “Мае дасягненні – частка агульнага поспеху”

Аператар машыннага даення Галіна Лёгкая больш за 25 гадоў працуе на малочнатаварным комплексе “Валосавічы” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”.
Мы сустрэліся з Галінай Аляксандраўнай на яе працоўным месцы, дзе яна з лёгкасцю ўпраўлялася з дойкай кароў. На працягу ўсёй нашай гутаркі жанчына выпраменьвала душэўную цеплыню і спакой, што рабіла зносіны з ёй асабліва прыемнымі. Пра такіх людзей кажуць – светлы чалавек. Як правіла, яны ветлівыя і тактоўныя, адрозніваюцца шчырасцю, добрасумленныя і працавітыя. У чым мы і пераканаліся, правёўшы побач з Галінай Аляксандраўнай некаторы час. Яна – жанчына, якая ведае сваю справу на выдатна і ставіцца да прафесійных абавязкаў з адказнасцю.
Яе шлях у галіну сельскай гаспадаркі стартаваў не адразу. Родам з Расіі, Галіна Лёгкая пераехала ў Валасовічы з бацькамі, калі ёй было 15 гадоў. Мама пачала шчыраваць на ферме. Галіна дапамагала ёй. Так яна ўпершыню пазнаёмілася з прафесіяй даяркі. Аднак звязваць сваё жыццё з гэтай сферай зусім не планавала. Стварыла сям’ю, выхоўвала дваіх дачок, спрабавала сябе ў розных прафесіях. У 2000 годзе яе жыццё набыло новы імпульс: пакінуўшы работу прадаўца ў магазіне, Галіна Лёгкая прыйшла часова папрацаваць на Валосавіцкі малочнатаварны комплекс. Адразу шчыравала жывёлаводам, а затым стала аператарам машыннага даення. “Спачатку я баялася, але не самой працы, а таго, ці змагу знайсці агульную мову з рагулямі, бо кожная з іх мае свой характар, –
узгадвае пра свае першыя крокі ў прафесію Галіна Аляксандраўна. – Акрамя таго, я баялася адказнасці. Даяркі не толькі дояць кароў, яны сочаць за станам жывёл, правільнае даенне і догляд спрыяюць атрыманню малака высокай якасці”. Аднак з часам страхі засталіся ў баку. Цяпер Галіна Лёгкая з лёгкасцю абслугоўвае 170–180 кароў за адну дойку. Улетку даходзіць і да 250. Нягледзячы на прыход сучасных тэхналогій у працу даярак, яна ўпэўнена: без адказнага чалавечага ўдзелу не абысціся. Карова – гэта жывая істота, і для яе здароўя і якасці малака важны правільны падыход.
Дойка на МТК “Валосавічы” праходзіць два разы ў суткі, першая – у 5.30 раніцы, і гаспадыня ўжо даўно прывыкла да такога графіка. Прачынаецца жанчына рана, нават не ставіць будзільнік. На працу прыходзіць заўсёды з пазітыўным настроем, пакінуўшы хатнія праблемы і трывогі. “Калі прыходзіш нервовым, каровы гэта адчуваюць і пачынаюць капрызіць. Таму я заўсёды стараюся быць у добрым духу”, – падзялілася даярка. Часам, працуючы, яна напявае любімыя песні, каб падняць настрой не толькі сабе, але і сваім падапечным.
Галіна Лёгкая не прывыкла баяцца працы і, як яна жартуе, “да ляноты таксама трэба прывыкнуць”. Яна лічыць, што працавітасць – гэта вынік правільнага выхавання.
Добрасумленную працу Галіны Лёгкай цэніць кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і дзяржава. У 2018 годзе яна была ўдастоена медаля “За працоўныя заслугі”, сёлета – ордэна Пашаны. Жанчына ўпэўнена, што гэта не толькі яе асабісты поспех: “Я ўдзячная сваім калегам і родным за падтрымку. Маё дасягненне – частка агульнага поспеху, гэта заслуга ўсяго калектыву, мы заўжды адзін аднаго падтрымліваем”.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Алесі ПРЫГАЖАЕВАЙ.