Быць гаспадаром на зямлі…

Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Дабаснянскае” Алег Сосаў з кагорты тых людзей, хто аддадзены сваёй справе, хто умее працаваць і працуе сумленна, з душой, для каго зеляніна палеткаў і залацістыя тугія каласы збожжавых – самае прыгожае відовішча і асалода ад зробленага.
Каб пагутарыць з Алегам Міхайлавічам, давялося ехаць у прамым сэнсе па палях і далах, бо заняты ён быў важнай справай – уздымам зябліва на аддаленых ад цэнтра гаспадаркі землях. Разважаючы пра свой занятак, механізатар адзначыў, што восеньскае ворыва прынясе глебе вялікі плён: па-першае, раслінныя рэшткі за доўгія зімнія месяцы перагніюць і стануць арганічным угнаеннем, па-другое, будзе менш пустазелля, а самая галоўная перавага гэтай справы – скароцяцца тэрміны веснавой сяўбы, а гэта значыць, у сельскагаспадарчых культур будзе больш шанцаў і часу вырасці і саспець пад цёплым летнім сонейкам. А знае ён гэта з уласнага вопыту, бо штогод займаецца сяўбой культур, а потым і іх уборкай.
Алег Міхайлавіч – мясцовы. Маці ўсё сваё жыццё прысвяціла сельскагаспадарчай галіне. Хлопец разам з братамі быў для яе памочнікам у любой справе: і хатнюю гаспадарку даглядалі, і на ферме дапамагалі. Усё ў жыцці яму даводзілася дасягаць самастойна, не разлічваючы на мужчынскую падтрымку. І як бы цяжка ні было, ніколі не скардзіўся, ён і зараз імкнецца ісці па жыцці з гумарам.
Пасля школы Алег атрымаў механізатарскую спецыяльнасць у Кіраўскім СПТВ. Затым была служба ў арміі. Калі да яе заканчэння заставалася няшмат часу, Алег задумаўся пра свой далейшы лёс: была магчымасць зрабіць у жыцці круты паварот, застацца жыць і працаваць у горадзе, але ён вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны. Цягнула дамоў неадольная сіла, у арміі часта ўспаміналася родная вёска Лешчанка, тыя сцежкі маленства, па якіх бегаў з сябрамі, клікалі да сябе бацькоўская хата і неабсяжныя хлебныя нівы. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся на сваю малую радзіму, уладкаваўся на працу ў калгас, і з таго часу больш за 25 гадоў шчыруе на зямлі. Прычым заняты механізатар з ранняй вясны і да позняй восені на самых розных відах работ, бо кіраўніцтва ведае, што даверыць яму можна любую справу. Дарэчы, працу ў сельскай гаспадарцы абралі і два яго браты.
З успамінаў Алега Міхайлавіча, у той час калі ён прыйшоў працаваць у калгас, у вёсцы было шмат моладзі: атрымлівалі жыллё, стваралі сям’і, працавалі на зямлі. З удзячнасцю механізатар успамінае сваіх былых калег, якія навучылі яго тонкасцям прафесіі, былі прыкладам любові да роднай зямлі, адданасці хлебаробскай справе.
– Вырошчваць хлеб – няпростая, але пачэсная справа, – адзначыў Алег Міхайлавіч. – Несумненна, усе прафесіі важныя, але людзі, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, клапоцяцца пра тое, без чаго не можа існаваць чалавецтва – аб харчовай бяспецы.
Алег Сосаў не толькі старанна працуе на трактары, але і шмат сезонаў убірае збожжавыя і зернебабовыя культуры. Асноўны аб’ём работ па восеньскай і веснавой сяўбе – таксама на яго рахунку. Неаднаразова за сваю старанную працу перадавы механізатар узнагароджваўся Ганаровымі граматамі і падзякамі, быў у ліку пераможцаў працоўных спаборніцтваў.
Па словах хлебароба, калі чалавек знайшоў сабе справу, якая прыносіць задавальненне, яна ніколі не будзе здавацца складанай і цяжкай. Яшчэ большы стымул да плённай працы, упэўнены Алег Сосаў, калі ёсць разуменне і падтрымка з боку кіраўніцтва.
Дома пасля работы Алега сустракае жонка і двое дзяцей, яшчэ двое сыноў ужо дарослыя: адзін служыць у арміі, другі пайшоў па бацькавых слядах – працуе механізатарам. Жывуць Сосавы дружна, разам абмяркоўваюць надзённыя справы, планы на будучыню. Галава сям’і ўпэўнены ў адным: лепшага лёсу ці доўгага рубля ён шукаць нідзе не хоча, плануе шчыра працаваць на палях роднай гаспадаркі, каб высока несці ганаровае званне хлебароба.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.