Сакрэт поспеху – у любімай справе

Сакрэт поспеху – у любімай справе

Кажуць, калі чалавек знайшоў сябе ў прафесіі, яго можна лічыць шчаслівым. І сапраўды: што можа быць лепшым, чым займацца любімай справай, якая прыносіць маральнае задавальненне, якая радуе, калі ўсё задуманае атрымліваецца. Таму, хто абраў прафесію па закліку душы, можна толькі пазайздросціць. Такому спецыялісту давяраюць, яго паважаюць за ўменне, вопыт, адказнасць за даручаную справу. Усё гэта ў поўнай меры адносіцца да аператара машыннага даення кароў КСУП “Жылічы” Тамары Кузьмянковай.
За сваю старанную працу яна ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, у скарбонцы дасягненняў шмат грамат і падзяк.

У галіне жывёлагадоўлі Тамара Фёдараўна ўжо амаль 20 гадоў. Яна – адна з перадавых даярак гаспадаркі.
Нарадзілася і вырасла жанчына ў Краснапольскім раёне. Сваю малую радзіму, любімую вёску і дагэтуль яна ўспамінае са шчымлівым сэрцам. Чарнобыльская трагедыя прымусіла іх сям’ю, як і тысячы іншых перасяленцаў, пакінуць свой дом. Спачатку пераехалі ў Дрыбінскі раён. Пасля заканчэння школы Тамара атрымала прафесію повара-кандытара-прадаўца ў Шклоўскім каледжы. Але папрацаваць па прафесіі не давялося, ды і цягнула яе ў іншую сферу – у жывёлагадоўлю. Нават падчас канікулаў замест гульняў з сябрамі і адпачынку яна ішла працаваць на ферму, давала даяркам водпуск. І гэта было ўласнае жаданне, ёй вельмі падабалася гэтая справа.
Калі выйшла замуж, маладая сям’я вярнулася ў Краснаполле. Аднак сястра Тамары звала іх пераехаць на Кіраўшчыну: сама яна засталася тут пасля вучобы ў Жыліцкім сельгаскаледжы. У 2006 годзе Кузьмянковы пасяліліся ў Лёўкавічах.
Сваю работу Тамара Фёдараўна вельмі любіць і атрымлівае ад яе сапраўднае задавальненне. Штодня яна спяшаецца на сваё працоўнае месца, бо падапечныя кароўкі вельмі яе чакаюць.
На новы МТК “Пархімкавічы” Тамара Кузьмянкова прыйшла працаваць з моманту яго адкрыцця – у лістападзе 2024 года. Па словах жанчыны, на старой ферме, дзе яна адпрацавала шмат гадоў, ёй таксама падабалася.
– Несумненна, вытворчыя працэсы сталі лягчэй на новым комплексе, але там я была бліжэй да жывёлы, – кажа даярка. – Да кожнай каровы ў мяне быў свой падыход, бо некаторыя са сваім характарам: з іншымі пакуль не паразмаўляеш, не пагладзіш іх, падаіць не атрымаецца. Амаль усім сваім падапечным я давала мянушкі, і яны на іх адклікаліся. Нават калі іх перавялі ў новыя хлявы, яны, пачуўшы мой голас, спяшаліся падыйсці, каб я іх пагладзіла. Вельмі люблю каровак, яны такія разумныя, усё адчуваюць. Іншы раз – дрэнны настрой, а якая-небудзь Зорка ці Машка падыйдуць палашчыцца, і сапраўды, становіцца добра на душы. Любоў да жывёлы вельмі зацягвае, гэта, напэўна, прыроджанае.
Клопат пра жывёлу ў даяркі – ад матулі, якая ўсё жыццё прысвяціла жывёлагадоўлі і заўсёды была ў ліку лепшых, працавала шчыра, адказна і самааддана. З дзяцінства Тамара ведала, што такое ферма, дойка, кармленне і лячэнне жывёлы. І яе ніколі не палохалі цяжкасці гэтай прафесіі.
Па словах жанчыны, аб тым, каб памяняць прафесію і займацца іншай справай, яна ніколі і не задумвалася. Бо лічыць, што ў кожнай справе сваіх падводных камянёў хапае. А каб справы ладзіліся, трэба абавязкова любіць тое, чым займаешся, добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. А ў рабоце з жывымі істотамі – гэта абавязкова. Важным фактарам высокіх надояў перадавы аператар лічыць строгае захаванне рацыёну кармлення жывёлы і кантроль за яе здароўем. Але самае галоўнае – хварэць душой за справу, якой займаешся. Інакш не будзе ні надояў, ні прываг.
Вось так, месяц за месяцам, год за годам і праляцелі амаль два дзесяцігоддзі. Колькі тысяч тон малака за гэты час прайшло праз яе працавітыя рукі, нават складана ўявіць. Вось адна з лічбаў: за кастрычнік бягучага года на рахунку Кузьмянковай – больш за 108 тон малака. Пастаянная ўвага да жывёлы, клапатлівыя адносіны да яе, якраз і садзейнічаюць таму, што з года ў год жанчына дабіваецца высокіх вынікаў у рабоце. Штодня падчас дойкі Тамара Фёдараўна назірае за кожнай рагуляй, прыкмячае, як яна сябе адчувае. А калі якая з іх захварэе, то абавязкова пракантралюе, каб яе падапечную агледзеў ветурач.
Такія неабыякавыя адносіны да сваёй справы калектыву МТК “Пархімкавічы” дазволілі жывёлаводам выйсці на высокія вытворчыя паказчыкі па надоях малака і павялічыць яго якасць. На працягу апошніх месяцаў яны адпраўляюць на перапрацоўчае прадпрыемства малако толькі гатункам “экстра”.
Тамара Фёдараўна – добразычлівая і ветлівая жанчына, заўсёды жыве ў згодзе з калектывам і аднавяскоўцамі, нікому не адмаўляе ў падтрымцы ці дапамозе. З задавальненнем падтрымлівае моладзь, якая прыходзіць працаваць у жывёлагадоўлю, дзеліцца сваім вопытам і сакрэтамі майстэрства.
Надзейнай апорай для яе ў любой справе з’яўляецца сям’я: муж і сын з дачкой. Гаспадар таксама працуе ў жывёлагадоўчай галіне, як і жонка, ён – старанны і адказны работнік.
За плячыма Т.Ф.Кузьмянковай – багаты працоўны вопыт, дастойныя вынікі работы, а наперадзе –
новыя рубяжы і дасягненні. І яны абавязкова ёй скарацца, бо працавітасці і стараннасці ў яе шмат!
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

«ПЬЯНОМУ И БЕСПРАВНОМУ НЕ МЕСТО НА ДОРОГЕ!»

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Единый день информирования в Кировском районе газоснабжения

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Единый день информирования прошел в Кировском районном Центре социального обслуживания населения

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

О мерах безопасности на республиканском субботнике

16 апреля 2026
Читать новость
Благоустройство

18 апреля – республиканский субботник. На что пойдут заработанные деньги?

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Лукашенко подписал указ о приеме в белорусское гражданство 230 человек

16 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем