Да юбілею пісьменніка — эпоха Шамякіна

У Беларусі рэалізуецца маштабны праект “Кожная пятніца – роднае, сваё”, які прыцягвае ўсё больш жадаючых папулярызаваць роднае, сваё, нацыянальнае, народнае.
Праект актыўна набірае абароты і ўжо кожную пятніцу мы пачынаем свядома купляць прадукты айчыннай вытворчасці, насіць адзенне і абутак мясцовых дызайнераў, слухаць нацыянальную музыку, чытаць творы беларускіх аўтараў. У гэты кантэкст актуальна ўпісваецца важная дата –
30 студзеня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка, уладальніка вялікай колькасці ўзнагарод.
Творчасць Івана Шамякіна займае асаблівае месца ў беларускай літаратуры. Яго творы не губляюць сваёй актуальнасці і застаюцца важнымі для многіх пакаленняў беларусаў. Літаратурную спадчыну пісьменніка вывучаюць у школах, экранізуюць на вялікіх экранах, а яго кнігі перакладзены больш чым на 30 моў свету. У Мінску ў гонар пісьменніка названа вуліца, у Мазыры – універсітэт.
Іван Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма Гомельскага павета ў сялянскай сям’і. З ранняга ўзросту цікавіўся літаратурай. У 1936 годзе скончыў сем класаў Макоўскай школы, прадоўжыў вучобу ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў. Пасля працаваў тэхнікам-тэхнолагам цагельнага завода ў Беластоку. Яшчэ падчас вучобы пачаў пісаць вершы, удзельнічаў у пасяджэннях літаратурнага аб’яднання пры газеце “Гомельская праўда”.
У 1940 годзе быў прызваны ў армію, праходзіў службу ў Мурманску ў зенітна-артылерыйскай часці.
У 1944 годзе перадыслакаваны ў Польшчу, прымаў удзел у Вісла-Одэрскай аперацыі і ў Берлінскай наступальнай аперацыі.
Пасля дэмабілізацыі ў кастрычніку 1945 года працаваў да 1947 года выкладчыкам мовы і літаратуры няпоўнай сярэдняй школы ў в.Пракапоўка Церахаўскага раёна. У 1946 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута.
Пасля службы ў арміі яго літаратурная кар’ера актыўна развівалася.
Першым буйным творам пісьменніка стала аповесць “Помста”, апублікаваная ў 1945 годзе. Пазней,
у 1957 годзе, выйшаў раман “Крыніцы”, які быў экранізаваны на кінастудыі Беларусьфільм у 1964 годзе. Цыкл з пяці аповесцяў “Трывожнае шчасце” і раманы “Сэрца на далоні” (1964), “Снежныя зімы” (1968) і “Атланты і карыятыды” (1974) па-ранейшаму застаюцца папулярнымі сярод чытачоў.
І.П.Шамякін не толькі ствараў літаратурныя творы, але і актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці краіны. Ён займаў ключавыя пасады ў Саюзе пісьменнікаў БССР, а таксама прадстаўляў Беларусь на міжнароднай арэне, у тым ліку на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1963 годзе.
З 1980 па 1992 гады быў галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”.
Іван Шамякін памёр 14 кастрычніка 2004 года ў Мінску, але яго творчасць працягвае жыць. На старонках яго кніг беларуская культура і гісторыя ажываюць, а глыбокія думкі і пачуцці, захаваныя ў яго творах, знаходзяць водгук у сэрцах чытачоў. Творчасць Шамякіна адлюстроўвае жыццё і думы беларусаў мінулых гадоў і з’яўляецца важным інструментам для фарміравання нашай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Падрыхтавала Яўгенія БЯЛЬКО.